Адной дружнай камандай

Сельское хозяйство

Гарачы поўдзень 22 ліпеня. Сонца ў самым зеніце. На хлебным полі КУП “Аравічы” ва ўрочышчы “Возера Паташня”, здаецца, нават не прагнозны максімум плюс 38 градусаў па Цэльсію, а значна больш. Але занятыя на жніве механізатары сельгаспрадпрыемства, вадзіцелі на адвозцы збожжа гэтага не заўважаюць, бо іх аб’ядноўвае адна мэта – як мага хутчэй убраць хлеб. Таму працуюць адной дружнай хлебаробскай камандай. Уборку вядуць сем камбайнавых экіпажаў.

– Стаўку ў гэтым годзе зрабілі на машыны вытворчасці ВА “Гомсельмаш”,  – гаворыць аграном-аграхімік гаспадаркі  Валянціна Міхайлаўна Блізнец. – І вельмі правільна, яны з асаблівай сістэмай кандыцыяніравання, што значна спрошчвае работу людзей у такіх спякотных умовах. Да таго ж, як вядома, камбайны маркі  “Палессе” вельмі прадукцыйныя. 

Прыемна назіраць, як па хлебным моры рухаюцца чырвонага колеру КЗРы і КЗСы, як увачавідкі напаўняюцца залацістым зернем вялікагрузныя МАЗы, якія потым трымаюць курс да месца складзіравання прадукцыі ў аддзяленні “Барысаўшчына”. Хлебны канвеер працуе без замінак. Перапынак наладжваецца хіба толькі на абед, з якім якраз падаспела раздатчыца Галіна Іванаўна Качан на машыне вадзіцеля Аляксея Віктаравіча Радчука.

– У такую спякоту на жніве неабходны як паветра добрае харчаванне і аптымістычны настрой, – заўважае вадзіцель Уладзімір Уладзіміравіч Гарашчанка.


 – Як бачыце, і тое, і другое ў нашым хлебаробскім асяродку прысутнічае.

У нас жа якраз надарылася добрая нагода крышачку пагутарыць з камбайнерамі.

– Якія планы на цяперашнюю ўборку? – перапытвае камбайнер Васілій Пятровіч Лагвіненка. – Скажу, што прагноз – справа няўдзячная. Ды і хлеб трэба мераць у складзе, а не ў полі. Адно зазначу: будзем старацца, а сёння застаецца толькі Богу маліцца, каб ураганам збажыну не пакруціла, градам ды ліўнем да зямлі не прыбіла колас. Безумоўна, мы гатовы і да таго, каб сабраць вырашчаны ўраджай у экстрэмальных умовах.

– Ужо за штурвалам камбайна памятаем аб тым, што і на наступны, і ў будучыя гады абмалочваць хлеб давядзецца зноў нам, – уключаецца ў размову камбайнер Уладзімір Міхайлавіч Фешчанка. – І чым хутчэй убяром сённяшні ўраджай, тым лепш падрыхтуемся да будучых восеньскіх і веснавых палявых работ.

За плячыма ў дружнай каманды камбайнераў сельгаспрадпрыемства “Аравічы” 43 працэнты ўбраных плошчаў, на дзень наведвання гаспадаркі, нагрузка на адзін камбайн  на жніве-2010 складала 200 гектараў.



 Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *