Да Дня беларускага пісьменства


Маладзее на вачах наш горад


Сума дабрачынных пералічэнняў павялічылася

Амаль на 15 мільёнаў рублёў  з сярэдзіны чэрвеня павялічылася  сума грошай, пералічаных на   дабрачынны разліковы рахунак па  падрыхтоўцы да правядзення 5 верасня ў Хойніках нацыянальнага свята – Дня беларускага пісьменства.

На сённяшні дзень на рахунак паступіла 55,2 млн. руб. Апошнімі грашовыя пералічэнні зрабілі  арганізацыі і прадпрыемствы Гомельскай вобласці. Сродкі паступалі з Гомеля, Жлобіна, Рэчыцы, Мазыра.

Зусім мала часу засталося да вялікага свята, на якое з’едуцца тысячы гасцей, і якое трэба адзначыць дастойна, прыклаўшы ўсе намаганні. Па-ранейшаму  грашовыя ахвяраванні можна адрасаваць на разліковы рахунак 3641430000057 у філіяле № 326 ААБ “Беларусбанк”, МФО 151501685, г. Хойнікі, вул. К. Маркса, 4. УНП 400057081. Атрымальнік – Хойніцкі райвыканком.






Уключыцца павінны ўсе
Час ляціць няўмольна і гэтак жа няўхільна набліжаецца Дзень беларускага пісьменства, які будзе адзначацца ў нашым горадзе 5 верасня. Нарастае і напружанне на ўсіх будаўнічых і рэканструкцыйных аб’ектах, на якіх вядуцца работы па падрыхтоўцы да свята.

Аднак нягледзячы на тое, што тэрміны заканчэння ўсіх будаўнічых і рэканструкцыйных работ паступова набліжаюцца, яны вядуцца ў нармальным працоўным рытме, без аўралу і штурмаўшчыны. Так, у гарадскім парку завершаны ўсе падрыхтоўчыя работы па выкарчоўцы старых дрэў, зараз вядзецца работа па ўстройству дарожак і алей з пліткі, а таксама будаўніцтва аўтастаянак з боку вуліц Кірава і К. Маркса. Выканана амаль палова работ па падсыпцы грунту і пасадцы травы на газонах. Пачалі мантаж металаканструкцый летняга амфітэатра. У пачатку жніўня прыступім да ўзвядзення дэкаратыўнай агароджы парка.

Вялікі аб’ём работ выкананы па рэканструкцыі паркавай сядзібы ХІХ стагоддзя. На гэтым аб’екце завяршаюцца сантэхнічныя работы і работы па электразабеспячэнню, на 90 працэнтаў завершаны вонкавыя аддзелачныя работы, поўным ходам вядзецца ўнутраная аддзелка і падрыхтоўка пад фарбаванне, манціруецца падлога з пліткі, а каля будынка вядуцца работы па добраўпарадкаванню.

Завяршаюцца вонкавыя аддзелачныя работы на Доме абрадаў (былы магазін “Дзіцячы мір”). На гэтым аб’екце поўнасцю заменены дах,  ўнутры ўсталяваны новыя перагародкі, вядуцца аддзелачныя работы.

Перад пачаткам свята павінен уступіць у лік дзеючых раённы Дом культуры. Тут таксама выкананы вялікі аб’ём будаўнічых работ па замене даху, унутранай перапланіроўцы, электра- і сантэхзабеспячэнню, зараз вядуцца аддзелачныя работы. У апошнія дні ліпеня вакол будынка РДК работы па добраўпарадкаванню пачнуць спецыялісты ДЭУ-155. Тут плануецца ўсталяваць асфальтаваныя пад’езды, а таксама пракласці дарожкі з вулічнай пліткі і абсталяваць месцы адпачынку.

Вонкавыя аддзелачныя фасадныя работы і замена даху на матэрыялы з металачарапіцы пачаліся і на будынку райвыканкома.

Рамонтныя і рэканструкцыйныя работы за кошт уласных або ведамасных сродкаў вядуцца на такіх аб’ектах, як  РВПС, РВЭС, гасцініца, аптэка, раённы аддзел статыстыкі, суд, пракуратура, гандлёвы цэнтр на цэнтральнай плошчы, КУП “Паліграф” і іншых.

Раённым выканаўчым камітэтам устаноўлена кантрольная дата завяршэння ўсіх будаўнічых, рамонтных і рэканструкцыйных работ – 1 верасня. Да гэтай жа даты павінны быць завершаны ўсе работы па пракладцы і замене камунікацый – цеплатрас, водаправода і газазабеспячэнню. Больш таго, на іх месцы павінна быць пракладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё вуліц.

Мяркую, што, калі ўсе жыхары раёна ўключацца ў падрыхтоўку да свята, то нам упаўне па сілах справіцца з намечанымі аб’ёмамі работ і ўкласціся ў вызначаны тэрмін.



М. ДРАЧЭЎСКІ,дырэктар КУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна”.






Рэканструіруецца аздараўленчы цэнтр
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс у раёне гарадскога стадыёна пачалі будаваць яшчэ да аварыі на ЧАЭС. Але потым з-за адсутнасці сродкаў работы былі замарожаны ажно да цяперашняга года і аб’ект гэты перайшоў у катэгорыю так званых доўгабудаў. Але сёння яго ўжо не пазнаць): на новым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры (менавіта так ён будзе называцца зараз) ужо завершаны будаўнічыя работы, а цяпер вядзецца мантаж сістэм ацяплення, сантэхнікі, вентыляцыі і каналізацыі. Паралельным ходам ідуць вонкавыя і ўнутраныя аддзелачныя работы.

А побач, на гарадскім стадыёне, завяршаюцца работы па падрыхтоўцы да ўкладкі штучнага газона футбольнага поля, якая пачне выконвацца 1 жніўня. Таксама набліжаецца да заканчэння мантаж бетоннай асновы пад мантаж металаканструкцый трыбун. Пачатак гэтых работ таксама намечаны на пачатак жніўня.

У стадыі завяршэння знаходзіцца і будаўніцтва каментатарска-судзейскага будынка, пачалося ўзвядзенне агароджы стадыёна з боку аўтарамонтнага завода.





Устанаўліваюцца знакі

Як працавітыя пчолкі старанна збіраюць нектар у вулей, так і хайнічане папаўняюць добрымі справамі скарбонку добраўпарадкавання Хойнікшчыны. Пасільны ўклад уносяць сельгаспрадпрыемствы раёна, імкнучыся зрабіць чысціню і прыгажосць сваёй візітнай карткай. Адным з асноўных атрыбутаў дагледжанасці з’яўляюцца знакі, якія абазначаюць межы сельгаспрадпрыемстваў. Іх устаноўка – важная задача.

Выдатна справіліся з ёй у КСУП імя Мележа. Актывізавалі работу ў гэтым напрамку ў КСУП “Судкова” і  “Агракамбінат “Віць”.

Неабходна, каб і астатнія гаспадаркі абазначылі свае ўгоддзі адметнымі знакамі-паказальнікамі.



Рамантуюцца будынкі пракуратуры, статыстыкі, суда, Дзяржаўтаінспекцыі

Будынак Дзяржаўтаінспекцыі ў нашым горадзе быў узведзены яшчэ да вайны. За гэты час ён не раз мяняў уладальнікаў, якія ў большасці абмяжоўваліся касметычным рамонтам. І хаця трывалыя, у некалькі цаглін кладкі сцены яшчэ надзейна стаяць і зараз, дах, на якім не раз мянялася пакрыццё ад гонту да шыферу, а потым ацынкоўкі, паступова стаў прыходзіць у нягоднасць. Таму і пачаліся тут работы па яго замене. Ужо ўстаноўлены новыя кроквы і абрашотка і ў хуткім часе пачнецца ўкладка даху з  металачарапіцы.

Таксама запланаваны работы па замене на ПВХ-матэрыялы ўсіх вокнаў будынка і рэканструкцыя яго фасаднага боку.

Такі ж самы аб’ём работ намечаны і ў ходзе ўжо пачаўшагася рамонту будынкаў статыстыкі і пракуратуры раёна. Да таго ж, над будынкам аддзела статыстыкі будзе ўзведзены новы шатровы дах.

А вось будынак суда перацерпіць куды больш значныя перамены. Тут не толькі запланавана ўстанавіць новае шатровае дахавае пакрыццё, адрамантаваць і афарбаваць сцены, але і зрабіць унутраную перапланіроўку, зрабіць новы парадны ганак.




Мяняюць прапіску

Згодна з планам мерапрыемстваў падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства па вуліцы Савецкай райцэнтра знесены раённы Дом рамёстваў і магазін “Рытуал” райспажыўтаварыства. Але гэта не азначае, што яны зусім зніклі ў плане сваёй дзейнасці.

Як паведаміла старшыня райспажыўтаварыства Н.У. Тараева, зараз гандаль рытуальнымі таварамі ажыццяўляецца ў прыстасаваным памяшканні. А з першага верасня магазін “Рытуал” будзе знаходзіцца ў будынку  магазіна “Спорттавары”, размешчаным каля супермаркета “Хойніцкі”.

Што датычыць месца новай прапіскі Дома рамёстваў, то, як адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў, пытанне знаходзіцца пакуль у стадыі вырашэння.


Будуецца новы магазін
Будаўніцтвам новага прадуктовага магазіна па вул.К. Маркса што насупраць будынка аддзела статыстыкі, падатковай службы і Белдзяржстраху, займаецца індывідуальны прадпрымальнік Юрый Канстанцінавіч Равяка. У сваёй гандлёвай кропцы жыхарам і гасцям горада ён мяркуе прапанаваць увесь набор сярэднестатыстычнай гандлёвай карзіны: хлебабулачныя, кандытарскія, кулінарныя і мяса-малочныя вырабы, прахаладжальныя напіткі.

Не будуць лішнімі для пакупніка і прамысловыя тавары – вырабы бытавой хіміі, сродкі асабістай гігіены.

На гэтым аб’екце ўжо завершаны асноўныя будаўнічыя работы – узведзены дах і сцены, скончана заліўка бетоннай падлогі пад плітку, пачаты работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі.

 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *