Ва ўмовах спякоты

Сельское хозяйство

Анамальная ліпеньская спякота не толькі дрэнна адбіваецца на стане людзей, пакутвае і жывёла. З-за высокай тэмпературы паветра ў кароў парушаецца тэмпературны рэжым, што ў сваю чаргу выклікае падзенне прадукцыйнасці дойнага статка. Таму ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання было прынята рашэнне аб пераводзе дойнага статка і маладняку ў жывёлагадоўчыя памяшканні, а там, дзе такой магчымасці пакуль што не існуе (з-за рамонту памяшканняў), кароў неабходна паставіць пад павеці. Зразумела, што пры гэтым дойны статак патрэбна поўнасцю забяспечыць зялёнымі кармамі, а маладняк БРЖ рэкамендавана перавесці на паўнацэнны зімовы рацыён кармлення, для чаго можна ўскрыць мінулагоднія сянажныя курганы – час, як кажуць, надышоў.

З адказнасцю аднесліся да выканання гэтага рашэння ў КСУП “Судкова” – тут дойны статак з усіх ферм пераведзены або ў памяшканні, або пад павеці. Два дойныя статкі (у Высокім і ў Стралічаве) пераведзены ў памяшканні ў эксбазе “Стралічава”, столькі ж (на Ліствінскай і Веляцінскай МТФ) – у КСУП “Веляцін”.

А вось у КУП “Аравічы” і агракамбінаце “Віць” пераводзіць жывёлу ў памяшканні не спяшаюцца.  Яна марнуецца на выгаралых пашах (спякота не пашкадавала і травы) або стаіць цэлы дзень па рогі ў вадзе. У выніку за прайшоўшыя дні з пачатку ліпеня, калі гарачыня практычна не спадала, у “Аравічах” атрымана падзенне валавога надою  малака на 1500 кілаграмаў, а ў агракамбінаце “Віць” – на 1190 кг.

Паказальна, што на Тунеўшчанскім жывёлагадоўчым комплексе КСУП імя Мележа, дзе жывёлу ад самой даты здачы комплексу ў эксплуатацыю планавалася круглагадова ўтрымліваць на яго тэрыторыі, падзенне атрымана не такое істотнае – ўсяго 200 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года. А вось якасныя паказчыкі палепшыліся адчувальна: амаль палова малака з комплексу ідзе гатункам “экстра”,  астатняе – вышэйшым. Так што, у цэлым комплекс сябе апраўдвае нават у такіх экстрэмальных умовах.



У. БОНДАР, галоўны заатэхнік райсельгасхарчу. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *