Мясцовае самакіраванне


АКЦЫЯ

Дзеля гарманічнага развіцця падрастаючага пакалення, прыцягнення школьнікаў і падлеткаў да актыўных заняткаў фізкультурай і спортам прэзідыум раённага Савета дэпутатаў выступіў з ініцыятывай правесці акцыю “Мяч – школе”. У ходзе гэтага мерапрыемства кожны дэпутат райсавета намераны за ўласныя сродкі набыць скураны мяч і падарыць яго вызначанай установе адукацыі.

Ініцыятыва падтрымана  ўсімі пастаяннымі камісіямі і дэпутатамі райсавета дэпутатаў.






СЕМІНАР-ВУЧОБА

На семінары-вучобе разглядвалася тэма “Асноўныя напрамкі ў дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання”.

У ходзе абмену думкамі ўпаўнаважаныя ўздымалі шэраг пытанняў, якія выклікалі шырокі грамадскі рэзананс і патрабуюць  вырашэння. Многія датычылі работы гандлю. Так, амаль ва ўсіх магазінах пры аплаце пакупкі чэк  выдаецца без указання відаў тавару. У такім разе чалавек не можа прасачыць, ці не аблічылі яго. Есць недахопы ў арганізацыі работы летняга кафэ па вуліцы Калесніка, бара магазіна “Рамонак” па вуліцы Жукава. Тут прадаюцца спіртныя напіткі, а належнага змястоўнага адпачынку для насельніцтва няма. Хвалюе і якасць прадукцыі, што выпускаецца на хлебазаводзе – раней добрая слава аб хойніцкім хлебе грымела далёка за межамі нашай краіны, цяпер жа ў гандлі можна купіць непрапечаны бохан чорнага хлеба з перасмажанай скарынкай. Выказана пажаданне праводзіць кірмашы па продажу сельгаспрадукцыі ў раёне рынку каля аўтастанцыі: гэта больш прывабна для насельніцтва ў плане дастаўкі пакупкі на дом.

Як абуральны факт, паведамлялася аб тым, што ўвесь персанал Храпкаўскага ФАПа знаходзіцца ў водпуску, і няма каму аказваць людзям дапамогу. У раённай бальніцы не хапае профільных урачоў, амаль выпрацавала свой рэсурс стаматалагічнае абсталяванне, што адмоўна сказваецца на якасці прадастаўляемых паслуг. 







СУСТРЭЧА ІПГ

Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар сустракаліся з жыхарамі  Рудакова.

Пад адным дахам працавалі ФАП, аддзяленне паштовай сувязі, магазін. Цяпер будынак належыць капітальнаму рамонту. Але гэта патрабуе значных фінансавых сродкаў, таму трэба вышукваць новыя формы абслугоўвання насельніцтва. І яны ёсць. Так, гандаль ажыццяўляецца праз аўтамагазін. Таксама па графіку дастаўляюць перыёдыку, пенсіі, аказваюць іншыя паслугі работнікі РВПС. Медыцынскае абслугоўванне жыхароў вёскі забяспечвае ўпаўнаважаны гэтага населенага пункта В.С. Дзенісенка. 

Дырэктар эксбазы “Стралічава” І.А. Каральчук адгукнулася на просьбу вяскоўцаў аб абмалоце збожжавых культур на прысядзібных участках, паабяцала дапамагчы матэрыяламі для рамонта хлява старэйшаму жыхару вёскі У.П. Ковалю: пасля спынення вытворчасці разабрана Рудакоўская МТФ, шыфер на ёй даволі дабротны.

Многа гаварылася на сустрэчы аб арганізацыі культурнага адпачынку вяскоўцаў. Яны запэўнены ў тым, што канцэртамі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці абдзелены не будуць.







ВЫAЯЗНЫЯ ПАСЯДЖЭННІ

На пасяджэнні пастаяннай мандатнай і па пытаннях заканадаўства, правапарадку, мясцовага кіравання і самакіравання камісіі райсавета дэпутатаў абмеркавана пытанне “Аб стане работы ў раёне па папярэджванню правапарушэнняў, злачынстваў, карупцыі, наркаманіі, п’янства і мерах па яе паляпшэнню”.

Кіраўніцтву прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна даручана прадоўжыць работу, накіраваную на рэалізацыю мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю ў Хойніцкім раёне на 2009-2010 гг., прааналізаваць ход іх выканання на сходах у працоўных калектывах.

**    **    **

На пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў разгледжана пытанне “Аб рабоце органаў апекі і папячыцельства аддзела адукацыі райвыканкома па ахове правоў дзяцінства”.

Вырашана разнастаіць формы і метады работы, накіраваныя на ранняе выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, больш актыўна прыцягваць да гэтага працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, дэпутацкі корпус, прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

**    **    **
Адбылося пасяджэнне камісіі райсавета па бюджэтна-эканамічных, пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Разглядвалася пытанне гандлёвага і бытавога абслугоўвання жыхароў маланаселеных і аддаленых пунктаў нашага раёна. Указана на недахопы ў гандлёвым абслугоўванні, адзначана, што бытавымі паслугамі сельскія жыхары не забяспечаны.



Клаўдзія БОСАК.


 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *