Аб часе падаравання Хойнік пану Сямёну Палазовічу


У адказе на запыт былога жыхара г. Хойнікі, пісьменніка Д.Л. Вінаградава да акадэмічнага Інстытута гісторыі годам найранейшай згадкі ў пісьмовых крыніцах пра Хойнікі названы 1492 год. Растлумачана таксама, што 1512 г., запазычаны з абмежавальнага акту “hrabstwa Brahinskiego”, да будучага раённага цэнтру дачынення не мае, бо Хойнічкам (Хвойнічкам) у ім названае нейкае ўрочышча, а не паселішча. Другая заява, відавочна, слушная, таму паважаны зямляк, вялікі патрыёт Хойнікшчыны і энтузіяст, у кнізе, што пабачыць свет да Дня беларускага пісьменства, напэўна, “састарыць” юбілей ажно на 20 гадоў.

А вось першая… Адкуль узяты год 1492? У дакуменце кнігі запісаў № 17 Літоўскай метрыкі (публікацыя крыніцы ўкраінскім гісторыкам Андрыем Блануцай змешчана ў нашым матэрыяле “Рыхтуемся да юбілею?”; гл. ХН. 28. 10. 2009), на які спаслаліся супрацоўнікі акадэмічнай установы, такой даты няма і быць не магло: тая кніга ўтрымлівае звесткі 1530-1536 гг. Гэта ўсяго хіба дапушчэнне, заснаванае на факце, што ў 1492 г. памёр кароль Казімір IV і на пасад узыйшоў яго сын Аляксандр, а пра іх даніны Сямёну Палазовічу апавядаецца ў лісце 1532 г. яшчэ аднаго сына Казіміра Жыгімонта I Старога.

Вымушаны нагадаць хоць бы ўрывак арыгінальнага тэксту.

“Жигимонт Божю милостю корол Воеводе киевъскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ нам дворянинъ нашъ княз Дмитрей Романовичъ Виденецкий о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкий тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовычъ наймя Ухобное, Углядковичи, Белый Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые дей вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королей ихъ милости…”

Змест гэтага ліста і сапраўды правакуе аднесці прывілей на Хвойнікі да часоў Казіміра і Аляксандра, а Жыгімонт, маўляў, ці пацвярджаў яго, ці змяняў умовы валодання (“да волі гаспадарскай”, “да жывата”, “на вечнасць”). Аднак, высвятляецца, што не “вси именя” былі атрыманыя ад адных і тых жа каралёў. Напрыклад, з пералічаных вышэй “добраў”, Глядкавічы (Углядкавічы), С. Палазовічу мог падараваць толькі сам Жыгімонт I Стары, бо вядомы адпаведны прывілей ад 10 (20 н. ст.) красавіка 1508 г., у якім чытаем:

“Жигимонт Божю милостю корол и великии княз Бил нам чолом пан Сенько Полозовичъ и просил в нас именеи небожчика князя Василевых Дашковича тыхъ, которые после его спали были на зърадецъ нашых князеи Львовичовъ Глинских в Киевском повете на имя Гостомлян, а в Житомирскомъ повете на имя Ставка, а во Вруцкомъ повете на нмя Глядковичъ, и тежъ двора в замку Вруцкомъ же зъ местцомъ князя Василева Дашковича” [Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499-1514). Vilnius, 1995. № 307].

Як бачым, да 1508 г. С. Палазовіч аб маёнтку Глядкавічы хіба марыў, бо ім валодалі князь Васіль Дашковіч, а пасля смерці апошняга – князь Іван Львовіч Глінскі, брат і хаўруснік знакамітага бунтаўніка князя Міхала, а таму для караля ды дзяржавы – здраднік. I гэта першы контраргумент, які не дазваляе схему акадэмічных гісторыкаў выкарыстаць у нашым выпадку. Калі Глядкавічы падараваныя пазней, чым памёр Казімір, дык чаму ж Хвойнікі менавіта каля 1492 г.?!
Другі контраргумент ужо не ўскосны, а хутчэй наўпросты.

З васьмі пералічаных маёнткаў толькі Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі (яны нашыя, не ўкраінскія, бо названыя паслядоўна) размяшчаліся ў Брагінскай воласці. Але воласць (“волостка”) тая 8 (18 н. ст.) ліпеня 1506 г., калі аддавалася каралём Аляксандрам двараніну Данілу Дзедкавічу дзеля выбрання належных яму 230 коп грошай [Тамсама. Kniga Nr. 6 (1494-1506) Vilnius, 2007. № 32] і 6 (16) снежня 1506 г., калі новым манархам Жыгімонтам I Старым зноў вернутая дзяржаве і замененая на двухгадовае трыманне карчмы ў Чаркасах [Тамсама. Kniga Nr. 8  № 87, 165] уся цалкам прыбыткі свае аддавала або каралю, або ўзнагароджанаму двараніну. Яшчэ ў прывілеі ад 25 кастрычніка (4 лістапада н. ст.) 1509 г. князю Міхаілу Васілевічу Збаражскаму воласць заставалася адзіным уладаннем:

“Жигимонт Божю милостю королБилъ намъ чоломъ князь Михаило Васильевичъ Збаразскии о томъ, што есмо перъво сего дали ему волость нашу Брягин держати з людми и зъ данью грошовою и медовою, и куничъною, и бобровою, и со всимъ по тому, какъ первеи сего та волость на насъ держана, до нашое воли. И тыми разы бил нам чолом, абыхмо таки тую волость нашу Брягин ему дали держати до его живота.

Ино мы, з ласки нашое, за его веръную служъбу и тежъ для его чоломъбитья, то вчынили: тую волость нашу Брягин дали ему держати… как тая волость на насъ держана, до живота его…” [Тамсама. № 584].

I толькі ў тэксце прывілею 1512 г., нам пакуль, на жаль, недаступнага, але ўрывак з якога працытаваны аўтарытэтным гісторыкам М.К. Любаўскім, засведчана, што не ўся Брагінская воласць аддавалася князю М. Збаражскаму на вечнасць, а – “кроме тых сел, што первей того кому у той волосты будем дали” (Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени идания первого Литовского статута. Исторические очерки. Москва, 1892. С. 239). Гэтае “будем дали” таксама можа ўскосна сведчыць, што каралі Казімір і Аляксандр да падараванняў С. Палазовічу ў Брагінскай воласці дачынення не мелі. Іншая справа, маёнтак Хабнае. Вядомы прывілей другога з манархаў ад 26 кастрычніка (4 лістапада н. ст) 1494 г.:

“Самъ Александръ Божю милостю велики княз литовскии … Билъ нам чоломъ ключникъ киевскии Сенько Полозович и просил у нас именя в Киевъскомъ повете въ Завъшкои волости на имя Хабное и людеи 10 потугов… А дали есмо тое имене вечно ему и его жоне, и их  детемъ, и его ближнимъ, и потом будучымъ, и щадкомъ их” [Lietuvos Metrika.  Kniga Nr.3 (1440-1498).Vilnius, 1998. № 27].

Калі ўзяць пад увагу хоць бы прыведзеныя факты, дык адразу робіцца незразумелым, чаму “першай згадкай у пісьмовых крыніцах г. Хойнікі трэба лічыць 1492 год” (цытата з акадэмічнага адказу Д.Л. Вінаградаву)?

I ці мог С. Палазовіч спакойна назіраць, як прыбыткі з усёй Брагінскай воласці (а значыць і з нібыта прыналежных яму Хвойнік ды Астраглядавічаў) некалькі гадоў спажываюць Д. Дзедкавіч і М. Збаражскі? Нічога падобнага. А вось у 1512 г. бацька ўладальніка названых сёл Фёдар Палазовіч “зволил протывитсе” правядзенню абмежавання воласці Іванам Андрэевічам Кміцічам [НГАБ у Мінску. Ф. 1728. Воп. 1. А. з. 19. А. 1050 адв.], бо з’явілася рэальная пагроза, што князь, чаго добрага, прыгарне да сябе “на вечнасць” і сынавы маёнткі.

Але калі яны маглі быць атрыманыя? Мяркуем, не раней, чым М. Збаражскі пачаў рабіць захады, жадаючы ператварыць пажыццёвае трыманне ў вотчыну. Апошняе азначала б, што цэлая воласць у Кіеўскім ваяводстве аддадзена аднаму толькі роду. Але ж каралеўскі зямельны фонд небязмежны, а слуг-чалабітнікаў шмат. I манарх, перад тым, як даць, права на ўласнасць М. Збаражскаму, мог забяспечыць гэткім самым правам хоць бы на пару-тройку сёл у даволі глухім паўночна-заходнім куце ўжо асаджанай людзьмі часткі воласці яшчэ аднаго добрага слугу – Сямёна Фёдаравіча Палазовіча.

Пакуль не знойдзены адпаведны прывілей, гэтая версія падаецца найболыш прымальнай. Таму і святкаванне менавіта 500-гадовага юбілею ў 2012 г. на сённяшні дзень не можа ставіцца пад сумненне.

Што да адказу гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Іх спыталі пра Хойнікі, то яны і падалі звестку, якая была знойдзеная М. Ф. Спірыдонавым пры складанні карты Беларусі XVI ст. Пытанне аб часах надання ўкраінскіх маёнткаў засталося неяк у баку. Так стварылася ўражанне, нібы ўсе яны нададзеныя кожным з трох каралёў, чаго на самой справе не было.


С. БЕЛЬСКІ, настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *