Можам, калі пажадаем



Сумныя вынікі прынесла ў мінулым месяцы праверка санітарнага стану мехдвара і аўтагаража агракамбіната “Віць”: кучы смецця, зараснікі пустазелля, раскіданыя тут і там будматэрыялы і іх адходы, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі, трактарныя і аўтамабільныя шыны, іржавеючыя металічныя канструкцыі, дэталі і агрэгаты. Па выніках праверкі адказным асобам было выдадзена прадпісанне на ўхіленне ўсіх выяўленых недахопаў.


Усё гэта было неабходна зрабіць у месячны тэрмін, па заканчэнні якога зноў пабывалі на аб’ектах агракамбіната.


На тэрыторыі аўтагаража адразу кінуўся ў вочы рэзкі кантраст у параўнанні з тым, што засталі тут яшчэ ў ліпені. Знікла смецце і пустазелле, прыбрана і пабелена клумба каля ўваходу, падпраўлены і элементы агароджы – можам жа навесці парадак, калі таго пажадаем!


Належны парадак наведзены на будпляцоўцы, тое ж самае можна сказаць і пра тэрыторыю збожжаскладаў, праўда, тут рукі пакуль яшчэ не дайшлі да самага аддаленага закутка за старым збожжатокам, дзе па-ранейшаму ўзвышаецца пустазелле і буяюць хмызнякі.


Многае зроблена на тэрыторыі мехдвара і рамонтна-механічнай майстэрні: тут таксама ўсё было падкошана (у тым ліку і на пляцоўцы для захоўвання сельгасмашын), акуратна складзіраваны шыны, зніклі вялізныя мазутныя плямы. Па ўсяму было бачна, што работы зроблена нямала. А вось зрабіць вывад аб тым, што такі парадак тут усталяваўся надоўга, падстаў не багата: варта толькі прайсці вакол мехдвара па перыметру ўздоўж агароджы. Пад ёй па-ранейшаму валяюцца пустыя пласцікавыя бутэлькі, абрыўкі паперы і іншы друз, прычым зусім свежы. На жаль, атрымліваецца так, што людзі самі прыбіраюць, самі і ж смецяць.


Хапае работы яшчэ і па ўборцы тэрыторыі каля будынкаў кузні і былой ветаптэкі. Аднак у цэлым адчуваюцца пазітыўныя зрухі ў плане санітарыі і добраўпарадкавання па ўсіх названых аб’ектах.


І. Дубінка,начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; В. Назаранка,карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *