Наперадзе – значныя змены: зрабілі крок да ўшанавання Івана Мележа

Культура

Сёлета споўніўся 41 год з моманту адкрыцця Дома-музея Івана Мележа ў Глінішча.

Наш славуты зямляк і таленавіты літаратар, Іван Паўлавіч зрабіў для Хойнікшчыны, сваёй малой радзімы, нямала карыснага, а для беларускага народа – яшчэ больш. Нарэшце ў нас з’явілася добрая нагода хаця б крыху адплаціць светлай памяці пісьменніка.

У студзені стала вядома, што грамадзянская ініцыятыва жыхароў аграгарадка Глінішча пад сімвалічнай назвай «100 крокаў да Івана Мележа» трапіла ў спіс пераможцаў адкрытага конкурснага адбору грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Гэты поспех паспрыяе таму, каб музей пісьменніка з вялікай калекцыяй асабістых прадметаў класіка быў абсталяваны сучаснымі відэа- і аўдыатранслятарамі, QR-навігацыяй і стане цэнтрам прыцягнення моладзі.

Дарэчы, жаданне аднавіць Дом-музей Мележа даўно жыло ў яго родных мясцінах. Яшчэ пляменніца Івана Паўлавіча Соф’я Ліпніцкая, якая доўгі час узначальвала гэту культурную ўстанову, хвалявалася, каб будынак адрамантавалі і, так бы мовіць, надалі яму другое дыханне.

Да справы далучылася старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, якая натхніла актыў Алексіцкага сельсавета на чале са старшынёй сельвыканкама Анастасіяй Севярынец праявіць ініцыятыву і сфарміраваць урэшце рэшт годны і дэтальны праект. Падключыліся жыхары аграгарадка Глінішча і супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея.

– Мы вельмі рады, што праект «100 крокаў да Івана Мележа» годна ацанілі і далі магчымасць берагчы памяць нашага айчыннага класіка, – не хавае эмоцый загадчык сектарам культуры райвыканкама Людміла Лобан. – Вялікую работу выканалі і жыхары Хойнікшчыны: 10% ад неабходнай на рэалізацыю праекта сумы сродкаў сабралі нашы землякі, прычым у самы кароткі тэрмін. За гэта ім вялікі дзякуй.

Як толькі дазволіць надвор’е, работы на тэрыторыі Дома-музея Мележа распачнуцца.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *