Кожнаму часу – свае з’явы?

Наши проекты

IMG_20160705_120232_15Здымак, які суправаджае гэты матэрыял, не стары, наадварот, зроблены не так даўно. Кінуўся ён у вочы, калі ў чарговы раз праглядваў фатаграфіі групы «Горят над Хойниками зори» у камп’ютарных «Одноклассниках». Так сумна і бязлюдна выглядае сёння тэрыторыя Калгаснага рынка. Для больш маладога пакалення малюнак гэты стаў ужо звыклым і штодзённым, а вось людзі больш сталага ўзросту памятаюць, як віравала і кіпела, як гула людскім шматгалоссем, парасячым віскам, конскім храпам і ржаннем гэтая, здавалася б, і не такая ўжо вялізная тэрыторыя. І назву ў зносінах паміж людзьмі яна мела не такую афіцыйную, як сёння, а складвалася з аднаго ёмістага, кароткага слова – базар.

Пачыналася ўся гэта жывая какафонія з самых першых часоў любога нядзельнага ранка і цягнулася да абедзеннага часу. На базар людзі збіраліся яшчэ зацемна, бо менавіта ў гэтыя золкія, прахладныя, а то і зусім халодныя часы тут можна было набыць самае свежае мяса, самае духмянае сала – як маладое, так і старое, ашчадна выцягнутае з кубла, свіную печань, ныркі і іншыя вантробы, якія ў руках умелай гаспадыні ператвараліся ў найсмачнейшыя прысмакі.

Тут жа, на базары, заўсёды можна было набыць непаўторнага смаку хатнюю вэнджаніну – знакамітыя кумпякі, лустачкі якой быццам таялі ў роце. А на гандлёвых радах вочы разбягаліся ад свойскага малака і малочных прадуктаў, безлічы слоікаў рознай умяшчальнасці бурштынавага мёду, гэтак жа як летам не злічыць было прадаўцоў духмяных і свежых, толькі-толькі знятых з куста або грады хатніх і лясных ягад, садавіны і гародніны, грыбоў і рыбы. Нездарма, успамінаючы ўсё гэта багацце, не раз зашчыміць сэрца, быццам адчуеш на імгненне непаўторныя водары нашага дзяцінства і маладосці, а потым зразумееш, што ўсё гэта назаўсёды засталося ў незваротным мінулым.

Але галоўнай на базары была не толькі разнастайнасць выбару пакупак, а і магчымасць раз у нядзелю сустрэцца на гэтым месцы і старым, і маладым жыхарам нашага раёна. Вяскоўцы прыязджалі сюды не толькі за прамысловымі і харчовымі таварамі, але за парасятамі, нават жарабятамі, кролікамі, іншай свойскай жыўнасцю. Дзякуючы гэтай няхітрай акалічнасці, рэгулярна сустракаліся на базарнай плошчы людзі з розных населеных пунктаў, прыязджалі да нас і суседзі з Украіны (чарнобыльцы ў першапачатковым значэнні гэтага слова – жыхары неіснуючага зараз Чарнобыльскага раёна Кіеўскай вобласці). Месца гэта мела своеасаблівае, нават сакральнае значэнне для людскіх зносін і камунікацыі. А таму фраза «бачыла Маню з Аравіч (Ваню з Пудакова або Грышу з Краснаселля і г.д.) на базары…» была для ўсіх зразумелай і звычайнай.

Потым людская рака з базара выплёсквалася на вуліцы К. Маркса і Савецкую. І цякла яна ў двух напрамках паміж універмагам і аўтастанцыяй. І так шматлюдна было ў нядзелю на гэтых вуліцах, што, здавалася, ты знаходзішся не ў нашых сціплых Хойніках, а на вуліцах вялікага горада. Маршрут гэты, базар – універмаг, не быў выпадковым, бо ў тыя часы галоўны магазін горада радаваў нас самымі разнастайнымі і даступнымі па цане таварамі. Амаль абавязковым было і наведванне двух атэлье РКБА – на вул. К. Маркса і плошчы Танкістаў. У першым з іх шылі самае моднае (адзначу – і трывалае!) на той час адзенне, а другое славілася выдатнымі вязанымі і трыкатажнымі рэчамі – арыгінальнымі світэрамі, цёплымі кофтамі, шалямі і шапачкамі.
Свайго росквіту гэты «базарны рух» дасягнуў у 70-80-я гады. Наступнае ж дзесяцігоддзе ўсё змяніла. Адкрыўся новы рэчавы рынак насупраць ДК «Меліяратар», потым ён перамясціўся на сваю цяперашнюю тэрыторыю і стаў «Юбілейным», а Калгасны рынак паступова прыйшоў у заняпад. Па першым часе раённыя органы ўлады пастановамі і распараджэннямі спрабавалі прымусіць гандляваць на яго тэрыторыі індывідуальных прадпрымальнікаў, сегмент якіх імкліва пашыраўся, але потым і гэтыя спробы паступова сышлі на «не». Не хочацца нікога абвінавачваць у сённяшнім самотным становішчы былога Калгаснага рынка, напэўна, кожным часам запатрабаваны свае сацыяльныя з’явы. Але памяць не-не, ды і нагадае шчымліва аб былым…

Віктар НАЗАРАНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *