Галасамі нашчадкаў: ён вельмі хацеў вярнуцца дадому — і жаданне споўніў

80 гадоў вызвалення Беларусі

Кожны год аддаляе нас ад страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета споўніцца 80 гадоў, як наша Радзіма здабыла вызваленне. Менш і сапраўдных сведкаў, тым больш – тых самых вызваленцаў.

– Яны жывуць у нашай памяці, — не згодныя нашчадкі пакалення пераможцаў.

Сапраўды, імёны гучаць амаль у кожнай беларускай сям’і. Штогод колькасць людзей, якія выходзяць на святочнае шэсце ў чарзе «Бессмяротнага палка», павялічваецца. Таму што помнім!

Кіраўнік па фізічным выхаванні санаторнага дзіцячага сада Вераніка Судзенка добра памятае свайго прадзядулю – Віктара Аніскаўца. Дарэчы, у сакавіку сям’я Веранікі адзначыла 101-годдзе з дня нараджэння паважанага Віктара Паўлавіча.

У 21 год яго прызвалі на фронт. Тэрмінова навучылі карыстацца кулямётам. Хто разбіраецца, адразу зразумее, што такая роля – рызыковая для самога кулямётчыка. Ён ідзе ў авангардзе, калі пяхота наступае. І ён жа ў ліку апошніх пры адступленні. Але ж Фартуна нібы палюбіла працавітага Віктара. Ці імя яго стала талісманам.

Тройчы на фронце Віктар Паўлавіч быў паранены, але хутка ставаў на ногі. І разам з землякамі ішоў далей, будуючы свой шлях да вызвалення. Ён добра памятаў, што такое – быць пад прыгнётам фашыстаў і не менш жорсткіх паліцаяў. Таму заўсёды змагаўся.

У маі 1945 ураджэнец вёскі Казялужжа Віктар Аніскавец упершыню за некалькі тыдняў крывапралітных баёў з нацыстамі змог спакойна паспаць – Берлін узяты і над Рэйхстагам высіцца савецкі сцяг.

Спіс узнагарод адважнага кулямётчыка Аніскаўца нашчадкі чытаюць з гонарам: ордэны Чырвонай зоркі і «Айчыннай вайны І ступені», медалі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна», а таксама «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.», а пасля за шматгадовую працу ў сельскай гаспадарцы – званне ветэрана працы.

Хаця ўспаміны пра вайну сам герой гэтых радкоў і не любіў, але абавязкова прыходзіў па запрашэнні ў школу, каб папярэдзіць маладое пакаленне: нельга дапусціць паўтарэння жудасных падзей. Шчаслівыя тыя дзеці, якія мелі магчымасць пазнаёміцца з вялікім патрыётам сваёй зямлі. Многія з іх цяпер працуюць на малой радзіме і таксама зберагаюць памяць пра ветэрана.

У гонар свайго паважанага родзіча і сама Вераніка падзялілася вялікай калекцыяй фотаздымкаў, газетных нататак і ўзнагарод з калегамі – выстава ў гонар кулямётчыка Аніскаўца ўпрыгожыла тэматычную выставу ў тым самым санаторным садку.

Хутка мы ўсе разам адзначым Вялікую Перамогу. І будзем помніць сваіх герояў!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота з асабістага архіву В. Судзенкі. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *