Галасамі нашчадкаў: словам прысягі не здрадзіў — з 17 гадоў на фронце

Главное

Перамогу бацька хайнічанкі Алены Рэзчык сустрэў у Кёнігсбергу, дзе знаходзіўся пасля ўзяцця крэпасці.

Вайна для Віктара Фёдаравіча пачалася ў 1943 годзе, калі яго прызвалі на фронт – залічылі курсантам палка зенітчыкаў.

Усяго ў 17 гадоў юнак прыняў воінскую прысягу, якой ніколі на здрадзіў. Удзельнічаў у абароне Горкаўскага аўтамабільнага завода, пазней перавялі на ахову беламорскай плаўбазы. Лёс завёў маладога, але адважнага маладога чалавека ў Беларусь, дзе ён удзельнічаў у разгроме фашыстаў у Віцебска-Аршанскім катле ў чэрвені 1944 года. Далей ішлі ў напрамку Мінска, Гродна, Каунаса. У спісе Віктара Фёдаравіча ёсць і вопыт у баявой аперацыі «Баграціён».

– Бацька ўспамінаў гісторыю пра кароткі бой з нямецкімі танкамі ў Каунасе: каля 20 адзінак тэхнікі і пяхота. Але неўтаймаваныя савецкія воіны ў секунду выкацілі пушкі на прамую наводку і адкрылі агонь. Нацысты такога не чакалі. У выніку нашы зенітчыкі падбілі 4 «тыгры» і 9 легкавых машын супраціўніка. Вядома, без страт нашы салдаты не выйшлі – загінуў цэлы разлік. Усе наводчыкі тады былі ўзнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», – з гонарам расказвае Алена Віктараўна.

А ў 1949 годзе мужчына прымаў ордэн Чырвонай Зоркі за бітву пад Шауляем. Нагадаем, гэта чацвёрты па колькасці насельніцтва горад у Літве – тады буйны прамысловы цэнтр. І яго вызвалілі ад фашысцкага гнёту нашы савецкія людзі. Няхай хаця б мы, беларусы, зберажом гэту гістарычную праўду.

Пасля дэмабілізацыі Віктар Фёдаравіч (сімвалічна ж, што імя перакладаецца як «пераможца») працаваў у Жлобінскім райкаме КПБ, у 1964 годзе накіраваны на Хойнікшчыну. Тут ён стварыў атрад па ахове раслін, які пазней узбуйніўся да «Сельгасхіміі», адкуль пайшоў на пенсію ў 1986 годзе.

Выдатна склалася і асабістае жыццё. З 1951 года і на працягу 63 гадоў быў жанаты з Марыяй Сяргееўнай, разам вырасцілі 4 дзяцей. На вялікі жаль, сёлета адзначаецца 10 гадоў, як гэтага славутага чалавека няма ў жывых.

Але памяць пра яго мужнасць і смеласць жыве! Берагуць светлае імя бацькі яго 4 дзяцей, унукі і праўнукі. А нам, хайнічанам, варта нанова знаёміцца з няпростымі лёсамі вялікіх землякоў. Бо іх пакаленне вырасціла нас пад мірным небам.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *