Вандроўка ў Небытаў: такія яны, палешукі, працавітыя!

Вёсачка мая Людзі і лёсы Наши проекты Пад знакам Чарнобыля

znak

Нягледзячы на тое, што прыкметна пахаладала, стала дажджліва і ветрана, восень – цудоўная пара. Задуменна-прыгожая і надзвычай утульная. На вуліцах усё больш цёплых паліто,  шалікаў і парасонаў, дома мы ўсё часцей заварваем чай і ахінаемся ў плед. І ў такі час, калі ацяпленне ў кватэрах яшчэ не далі, асабліва адчуваецца перавага ўласных дамоў, дзе ўжо ва ўсю патрэскваюць дровы ў грубках. Хаця жыхары вёскі, у якой мы пабывалі на гэты раз, сагрэлі не столькі нават пячным цяплом, колькі душэўным.
Збожжа ў гумно наклалі, бульбу ў мяхі ссыпалі, цыбулю ў косы сплялі, ягады і гародніну ў банкі закаталі, але ўсё роўна не сядзіцца на месцы вяскоўцам. Ну вось такія яны, палешукі,  працавітыя!

semya

Да прыкладу, Святлана і Мікалай Судзенкі (на здымку вышэй) вырашылі разбіць сад, за гэтай карыснай справай мы іх і заспелі дома. Дарэчы, спыніліся менавіта каля іх хаты, што пад нумарам 57 па вуліцы Партызанскай, невыпадкова – яна адна з самых яркіх у вёсцы і прыцягвае ўвагу сваімі малымі архітэктурнымі формамі. Па абодва бакі лавачкі стаяць пластыкавыя пальмы, на адной – вісіць вясёлая малпа, а на другой – звязка бананаў. Крыху далей сярод кветак размясціўся чароўны паўлін, яшчэ адна птушка з бутэлек «лётае» над плотам. Усё гэта справа ўмелых рук гаспадара дома Мікалая Мікалаевіча. Цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку – вольнага часу шмат, вось і майструе на радасць сабе і людзям. Шэсць гадоў таму пачалі ўпрыгожваць тэрыторыю вакол дома і зараз штогод дадаюць новыя дэталі.
Мужчына адсюль родам, а жонка – з Казялужжа. Аднойчы ўвечары ён прыехаў у суседнюю вёску на матацыкле, яны пазнаёміліся і хутка згулялі вяселле. З таго часу, вось ужо трыццаць сем гадоў Святлана Ульянаўна жыве ў Небытаве, таму таксама даўно лічыцца мясцовай. Семнаццаць гадоў жанчына працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў, а дваццаць апошніх гадоў разносіць аднасяльчанам пошту. Гэта дружная сямейная пара выхавала двух сыноў і мае ўжо чацвёра ўнукаў.
Яшчэ адна хата вызначаецца сваёй яркасцю ў гэтай восенскай шэрасці – пад нумарам чатырнаццаць па вуліцы 8 Сакавіка. Дом пафарбаваны ў ярка-жоўты колер, нібы сонейка, і як высветлілася, гэта вельмі сімвалічна, бо тут сапраўды жыве сонечны чалавек – Марыя Ціханаўна Лук’яненка (на здымку ўнізе).

lukyanenko

«Праходзь, дзетка, у хату, не звяртай увагу, я тут прыбіраюся, бо хочу падбяліць.Чайку мо падгрэю? Не хочаш? Ну тады семкамі белымі пачастую. Я люблю, калі да мяне госці прыходзяць», – гасцінна сустракала мяне жвавая, прыемная бабулька.
Марыя Ціханаўна тутэйшая. Працавала спачатку на цагляным заводзе, а пасля дваццаць пяць гадоў была даяркай на мясцовай ферме. Цяжкая работа была, але яна ніколі не губляла аптымізму, паспявала і па хатняй гаспадарцы справіцца, і дзяцей даглядзець, а іх у яе трое, і хвілінку для любімага занятку знайсці – вышывання. Прасціны, абрусы, накідкі, ручнікі ў яе проста чароўныя! Жанчына да гэтага часу беражліва іх захоўвае. А навучыла яе вышываць настаўніца Кацярына Сямёнаўна Гардзейчык, аб якой яна ўзгадвае самымі цёплымі словамі, як аб другой маці.
Расказваючы пра сваё жыццё, Марыя Ціханаўна не магла стрымліваць слёз, хаця і старалася хутка іх убіраць і як мага больш усміхацца. У шаснацацігадовым узросце пайшла з жыцця яе сястра, з фронта не вярнуўся бацька… «Я так хацела тату, ты, дзетка, нават не ўяўляеш як! Па-добраму зайздросціла іншым дзецям, марыла, што ён калі-небудзь з’явіцца ў нашай сям’і, але маці так і не выйшла больш замуж. Выхавала нас сама, прывучыла да працы. Памятаю, яшчэ зусім маленькая была, а яна казала, каб я адзін радок абпрацавала. Потым, калі падрастала – было ўжо два, тры, чатыры радкі… Нашы маці былі святыя, пасля вайны ў голадзе і холадзе нас гадавалі. Я і сама свайму сыну і дачкам імкнулася даць усё магчымае, таму ніяк не разумею, як цяпер людзі п’юць і ў іх забіраюць дзяцей. Ніколі б у жыцці не аддала», – гаворыць Марыя Ціханаўна.
Кранальным быў яе расказ і аб тым, як сын служыў у Афганістане. Як было цяжка, як яна хвалявалася, не спала па начах, як чакала хоць якой-небудзь вестачкі… І, дзякуй Богу, ён вярнуўся дамоў.
Некалі М.Ц. Лук’яненка была перадавой даяркай, мае шмат узнагарод, пра яе не раз пісалі ў раённай газеце. Дарэчы, выразаныя публікацыі дагэтуль захоўвае ў шкатулцы. Па словах Марыі Ціханаўны, беражэ артыкулы для ўнукаў (іх у яе шэсць) і праўнукаў (чацвёра), каб пачыталі. Сапраўды, ганарыцца ім ёсць кім, бабуля, як кажуць, маленькая, ды ўдаленькая: і тады была, і цяпер застаецца.
…Няма ўжо тае фермы, дзе яна працавала, і школы, дзе вучыліся небытоўскія дзеці, аднак і пачуцця таго, што вёска знікае таксама няма. Бо тут працуе клуб, фельчарска-акушэрскі пункт і нават асфальт новы пакладзены, не горш, чым на цэнтральных гарадскіх вуіцах. Дык няхай гэтая новая дарога сімвалізуе доўгі і роўны шлях наперад у жыцці вёскі і яе жыхароў.
Тэкст і  фота
Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *