На юбілей запрашае «Ваша мара»

Гандаль і абслугоўванне

dsc_0026Час ляціць хутка, няўмольна. Здаецца, толькі ўчора ў вёсцы Казялужжа адкрыўся прыватны магазін «Ваша мара», а вось ужо дзесяць гадоў мінула з таго дня. Колькі тон прадуктаў, тавараў прамысловай групы прададзена пакупнікам!..
Слова – уладальніцы магазіна Святлане Назаранка:

– Да 2006 года я працавала ў сістэме Хойніцкага раённага спажывецкага таварыства, была загадчыцай магазіна, таваразнаўцай. Атрымаўшы карысны практычны вопыт, вырашыла адкрыць сваю справу – прыватны магазін у сельскай мясцовасці. Чаму менавіта ў вёсцы Казялужжа? На той час у гэтым населеным пункце працаваў мой муж Анатолій, ён з’яўляўся начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста, і ў нас да сваіх месцаў працы была адна дарога. Дарэчы, муж мяне вельмі падтрымліваў, цалкам адабраў мае далёкаідучыя планы, дапамагаў у вырашэнні многіх юрыдычных пытанняў. Акрамя таго адзначу, што Казялужжа знаходзіцца побач з райцэнтрам Хойнікі, туды і назад зручна дабірацца. А яшчэ па гэтым сельскім населеным пункце праходзіць міжгародняя аўтамабільная дарога, і таму прыдарожны сервіс тут вельмі дарэчы.
Усе гэтыя фактары напачатку перакрылі ў маёй свядомасці той факт, што ў Казялужжы ўжо было два магазіны райспажыўтаварыства. І я адкрыла там трэці, і ні разу за дзесяць гадоў не пашкадавала аб гэтым. З дапамогай малых архітэктурных форм зрабілі добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Пастаянна нешта ўдасканальваем. Улетку плануем тут устанавіць палаткі для зручнага адпачынку людзей.
dsc_0010Наш гандлёвы павільён агульнай плошчай 18 квадратных метраў адкрыты з 9.00 да 19.00, штодня яго наведваюць прыкладна сотня чалавек. Абслугоўваем мы іх па чарзе – адзін дзень працую я, другі – прадавец, якая пражывае ў Казялужжы, – Аксана Машэўская (на здымку). Мы цудоўна ведаем мясцовае насельніцтва, яго запыты. Людзі гавораць, што ў нас можна купіць усё, акрамя спіртнога. Сапраўды, многае робіцца дзеля падтрымання шырокага асартыменту тавараў. Наш магазін хоць і маленькі, ды ўдаленькі. Да прыкладу, заключаны дагавор на пастаўку мясной прадукцыі з пяццю вытворцамі Беларусі, кандытарскія вырабы ў нас прадстаўлены ад васьмі фірм. Прычым асабліва цэняць наведвальнікі нашай гандлёвай кропкі найсмачнейшыя булачкі, пірожныя, якія дастаўляюць з гомельскай прыватнай пякарні. Торты прывозім на заказ з Рэчыцы, з якім упрыгажэннем чалавек пажадае – лялькамі, машынкамі… А год назад устанавілі кава-машыну, якая гатуе італьянскі зерневы кофе. Ва ўсім стараемся ісці насустрач людзям.
dsc_0004Плануем парадаваць іх і з выпадку цудоўнай нагоды – 10-годдзя з дня адкрыцця нашага магазіна. У будучую пятніцу, 16 снежня, у «Вашай мары» будзе свята. Апошні месяц мы ўстанавілі 10-працэнтныя зніжкі на ўсе тавары, а пры іх разавым набыцці на агульную суму не менш 10 рублёў, кожнаму пакупніку выдаём яшчэ і падарунак. А ў дзень юбілею прыемных сюрпрызаў для пакупнікоў будзе яшчэ больш. Прыходзьце, даведайцеся аб іх. Запрашаю ўсіх 16 снежня раздзяліць наша свята і ажыццявіць у нас свае мары.

Запісала Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *