Афрыканскія страусы і шатландскія поні — у хойніцкім раёне

Увлечения хойничан

img_9666Уладальнік фермерска-сялянскай гаспадаркі «КазялужжаАГРА» І.В. Праказаў набыў сёлета незвычайную для нашых шырот жыўнасць, каб узбагаціць асабістую гаспадарку ў аграгарадку Судкова. Акрамя новых пітомцаў тут ужо гадуюць в’етнамскіх парасятак, качак і гусей. Усе яны дзеляць вялікі ангар каля сховішча для гародніны фермерскай гаспадаркі.
У маі сёлета фермер І.В. Праказаў набыў пяцёра страусаў. Для гэтага яму не спатрэбілася ехаць за трыдзевяць зямель – на афрыканскі кантынент. Купіць іх атрымалася ў суседнім Брагінскім раёне. Да слова, апошнім часам прыватнае развядзенне страусаў усё часцей сустракаецца ў нашых мясцінах. Вось і ў верасні мы публікавалі матэрыял пра такіх жа барысаўшчанскіх птушачак. Страусы, прывезеныя ў Судкова, ужо дарослыя, ім па шэсць гадоў. З прыходам цяпла самкі сёлета неслі яйкі вагой больш за кілаграм.
img_9736Дарэчы, страусіныя яйкі – неад’емная частка рацыёну прафесійных спартсменаў, бо яны ўтрымліваюць бялок, які лёгка засвойваецца арганізмам. Па словах уладальніка фермерска-сялянскай гаспадаркі «КазялужжаАГРА», за некалькі цёплых месяцаў страусы знеслі дзясятак гіганцкіх яек.
img_9687Займальную экскурсію і знаёмства з вялікімі і з выгляду грознымі птахамі правёў жыхар аграгарадка Судкова М.І. Садчанка. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Мікалай Іванавіч з задавальненнем дапамагае свайму суседу па гаспадарцы. Сустракае шматлікіх гасцей, якія з’язджаюцца з усяго раёна і нават здалёк, каб на свае вочы паглядзець, як жывецца страусам на Хойнікшчыне. Самыя частыя наведвальнікі – навучэнцы Судкоўскай школы. Рабяты імкнуцца часцей пабыць са страусамі. У гэтай справе з’явіліся і свае правілы. Напрыклад, пакарміць птушак дазваляюць вучням з узорнымі паводзінамі. Хлопчык ці дзяўчынка, працягваючы вялікай птушцы жменю корму, абавязкова павінен прыгаворваць: «Калі ласка, Вася». Гэтым імем дзеці назвалі абодвух самцоў, бо не адрозніваюць іх. Самкам імя пакуль не выбралі.
img_9674Аказваецца, гэтыя птушкі чуйна адчуваюць чалавечую энергетыку: людзям з негатывам у душы страусы могуць адмовіць – не падысці за ласункам ад такога госця. Але, як адзначае Мікалай Іванавіч, да школьнікаў даўганогія птахі ставяцца ветліва. Хіба што надта гучны гоман можа раздражніць страуса.
У лістападзе хатні заапарк папоўніўся парай поні. Іх прывезлі з саўгаса-камбіната «Зара» (Мазырскі раён). Нізкарослага жарабца клічуць Орлікам, а кабылку – Марай.
img_9683Адметная рыса гэтай пароды поні – доўгая шэрсць. Іх продкі жылі ў Шатландыі, дзе суровая зіма добра загартавала іх ад любых нечаканасцяў надвор’я. Густыя грыва і хвост берагуць жывёлу ад марозу. Мініяцюрныя конікі маюць дзіўна спакойны і лагодны характар, ласкавыя і лёгка ідуць на кантакт. У жывёлін хутка з’явілася шмат сяброў: яны вельмі любяць знаёміцца. Асабліва, калі для іх прыпасена салодкая морквінка. Як і ў выпадку са страусамі, пакарміць поні могуць толькі вучні з выдатнымі школьнымі адзнакамі. Так рабят стымулюе да добрай вучобы суправаджаючы М.І. Садчанка.
Ігар Васільевіч Праказаў плануе ў бліжэйшы час набыць для поні ўсю неабходную вупраж, каб катаць маленькіх гасцей. Галоўнае ж прызначэнне конікаў – быць усеагульнымі любімцамі. Добра атрымліваецца, гаспадарка ўласная – карысць агульная.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *