Работа, якая не церпіць фармалізму


Пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама В.М. Шаўчэнкі на мінулым тыдні ў Судкоўскім СДК прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета, на якое былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, участковыя інспектары аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, кіраўнікі культасветустаноў раёна.

Са справаздачамі выступілі: аб рабоце аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” – начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Д.А. Каўроў; аб рабоце Судкоўскага сельскага выканаўчага камітэта па прафілактыцы правапарушэнняў, злачыннасці сярод  непаўналетніх, сямейнай неспрыяльнасці – упраўляючы справамі Судкоўскага сельвыканкама Н.Ф. Коваль; аб рабоце ўстаноў культуры раёна – метадыст аддзела культуры райвыканкама А.А. Бондар.

Восем абавязаных (шэсць жанчын і двое мужчын) прадставіла членам каардынацыйнага савета намеснік дырэктара КСУП “Судкова” В.А. Сіраж. Быццам бы выправіліся. Працаўладкаваны, не робяць прагулаў, паводзяць сябе прыстойна. Магчыма таму іх выгляд выклікае супярэчлівыя пачуцці. Для людзей жаласлівых – шкадаванне. Да прыкладу, Галіна Міхайлаўна Ліпко, працуючы аператарам машыннага даення, зарабіла ў верасні 483 тысячы 157 рублёў. З гэтай сумы 70 працэнтаў вылічана ў даход дзяржавы за 4 дзяцей, якіх у яе вымушаны былі адабраць. Засталося на пражыццё 154 тысячы рублёў. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з 1 лістапада, як вядома, складае 283 тысячы 50 рублёў (з 1 жніўня па 31 кастрычніка быў 274 тысячы 510 рублёў). Да таго ж запазычанасць перад дзяржавай у Галіны Міхайлаўны на 1 кастрычніка складала 18 мільёнаў 942 тысячы 699 рублёў. І з кожным месяцам гэтая сума павялічваецца, бо міністэрскіх акладаў у гаспадарцы няма і на больш аплачваемую пасаду перавесці Ліпко немагчыма.

Гэта ж датычыць мужа і жонкі Міхаіла Якаўлевіча і Раісы Васільеўны Тагаёў з вёскі Небытаў, якія працуюць таксама ў жывёлагадоўлі. Запазычанасць кожнага пераваліла ўжо за 15 мільёнаў рублёў. У Міхаіла Міхайлавіча Пятрова – больш за 16 мільёнаў, Аляксандры Аляксандраўны Новік – больш за 5 мільёнаў рублёў.

Л.А. Турчына, Т.Б. Чарапніна, А.С. Шлег… Спіс абавязаных можна працягваць і з іншых сельсаветаў. І ўжо не шкадаванне, а абурэнне ахоплівае за тыя здзекі, што чынілі яны сваім дзецям, пазбавіўшы іх не толькі бацькоўскай цеплыні, а нават удосталь хлеба, які адбіралі, каб самім прыняць чарговую дозу алкаголю.

Пытанні, якія разглядваліся на пасяджэнні каардынацыйнага савета, па сутнасці, узаемазвязаныя. У рабоце, якая праводзіцца Судкоўскім сельвыканкамам па прафілактыцы правапарушэнняў, злачынстваў сярод непаўналетніх, сямейнай неспрыяльнасці, каардынатарам выступае камісія па справах непаўналетніх, пасяджэнні якой праходзяць кожны месяц. За кожнай сям’ёй, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (такіх 4), асобамі, якія абавязаны пакрываць расходы за ўтрыманне дзяцей, знаходзячыхся на дзяржаўным забеспячэнні (20 чалавек), замацаваны дэпутаты сельсавета, у абавязкі якіх уваходзіць правядзенне прафілактычнай работы, інфармаванне  аб ёй мясцовага органа ўлады.

У той ці іншай ступені  ў прафілактычнай рабоце задзейнічаны ўсе зацікаўленыя службы, што знаходзяцца на тэрыторыі сельскага Савета. За перыяд дзеяння Дэкрэта №18 дзевятнаццаць непаўналетніх з 8 сем’яў былі прызнаны маючымі неабходнасць у абароне і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. Восем непаўналетніх з трох сем’яў вернуты бацькам. Дзевяць бацькоў пазбаўлены правоў у адносінах 11 непаўналетніх. Асноўная прычына пазбаўлення – нежаданне бацькоў змяніць лад жыцця і прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.

Неабходна адзначыць, што на пясяджэннях камісіі па справах непаўналетніх разглядваюцца хадайніцтвы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, уласныя матэрыялы. Гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што пытанні сямейнай неспрыяльнасці знаходзяць сваё адлюстраванне ў дзейнасці камісіі.

Аднак работа некаторых суб’ектаў прафілактыкі носіць фармальны характар. Так, у справаздачы дырэктара Судкоўскага цэнтра культуры і адпачынку няма звестак аб тым, якая катэгорыя падлеткаў задзейнічана ў рабоце гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў, што робіцца па ўключэнню падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, у сацыяльна небяспечных сем’ях. Не прасочваецца сістэма ўзаемадзеяння ўстаноў культуры з Судкоўскай школай у пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў, фарміравання здаровага ладу жыцця ў падлеткаў і моладзі.

Даходзіць да абсурду. Як адзначалася на пасяджэнні савета, з 7 удзельнікаў дзіцячага гуртка “Тэрыторыя дзяцінства”  ў Кліўскім СК трое маладых людзей ва ўзросце да 30 год, двое дзяцей-сірот, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах. А ў складзе тэатральнага дзіцячага гуртка “Фея”  з 7 чалавек трое – жыхары г. Хойнікі, адзін – студэнт навучальнай установы г. Бабруйска, двое – маладыя людзі да 30 год. Якія ж гэта дзеці?
Не прасочваецца сістэма ў арганізацыі работы ідэалагічнага актыву КСУП “Судкова”, патрабуе карэкціроўкі работа камісіі садзеяння сям’і і школе. Са станоўчага боку трэба адзначыць арганізацыю прафілактычнай работы з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 год,  урача амбулаторыі агульнай практыкі Л.А. Чуяшовай.

 Непаўналетнімі, якія пражываюць на тэрыторыі Судкоўскага сельскага Савета, сёлета здзейснена 7 адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 17.3  і  16.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. А гэта сведчанне таго, што ўсімі зацікаўленымі службамі сельсавета яшчэ не прымаецца дастаткова мер, накіраваных на прафілактыку п’янства сярод моладзі і дарослага насельніцтва.



 
А. СОДАЛЬ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх, член каардынацыйнага савета.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *