Купляюць расіяне хойніцкую мэблю


Унутраны і знешні рынкі мэблі сёння насычаны як ніколі. Гэта і зразумела таму, што дрэваапрацоўка – адна з самых рэнтабельных і прыбытковых галін эканомікі не толькі краін СНД, але і заходнееўрапейскіх дзяржаў. Таму дрэваапрацоўчым прадпрыемствам няпроста знайсці сваю нішу ў размеркаваных сегментах мэблевага рынку, а яшчэ складаней трывала замацаваць свае пазіцыі. Тым болей значнымі выглядаюць на гэтым фоне поспехі хойніцкіх мэбельшчыкаў.

Прадукцыя нашага дрэваапрацоўчага камбіната карыстаецца ўстойлівым попытам не толькі на беларускім рынку, але і на неабсяжных расійскіх прасторах. Гэта пацвярджаюць і дыпломы якасці, і што яшчэ больш важна для прадпрыемства, заключаныя доўгатэрміновыя дагаворы і кантракты. Падпісаннем такіх дакументаў завяршылася апошняя восеньская выстаўка ў Краснадары. Асаблівым попытам у гандлюючых арганізацый і жыхароў гэтага паўднёвага расійскага рэгіёна карысталася мэбля з масіву – вырабы з натуральнай драўніны (у асноўным сасны і вольхі): дзіцячыя двух’ярусныя ложкі, сталы і скамейкі, дачныя, лазневыя і кухонныя наборы, двухспальныя ложкі. Нядзіўна, што дамоў хайнічане вярнуліся не толькі з дыпломам за якасць, але і з новымі заключанымі дамоўленасцямі і нядрэннай выручкай.

Гэта не першы візіт нашых мэбельшчыкаў у Расію – раней ім ужо даводзілася не менш паспяхова ўдзельнічаць у аналагічных выстаўках-продажах у Маскве і Санкт-Пецярбургу.
На сённяшні дзень асартымент вырабаў з мэблі на Хойніцкім ДАКу налічвае больш за 60 мадэляў мэблі. Вельмі важна тое, што ён пастаянна абнаўляецца і пашыраецца.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *