ВЫСТУПЛЕННІ ПРАГУЧАЦЬ У ТЭЛЕ- І РАДЫЕЭФІРЫ


Выступленні кандыдатаў у прэзідэнты прагучаць у тэле- і радыёэфіры з 22 лістапада па 3 снежня. Аб гэтым паведаміла 15 лістапада старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на сустрэчы з міжнароднымі наглядальнікамі БДІПЧ АБСЕ.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, пасля рэгістрацыі кандыдатаў адбудзецца жараб’ёўка, у час якой будзе вызначана, калі выступіць кожны з кандыдатаў. Старшыня ЦВК падкрэсліла, што ў ходзе гэтай выбарчай кампаніі Нацыянальная тэлерадыёкампанія змагла прадаставіць кандыдатам лепшы эфірны час. Так, іх выступленні ў тэлеэфіры будуць паказаны з 19.00 да 20.00 у рабочыя дні – менавіта тады, калі большасць выбаршчыкаў, вярнуўшыся дадому пасля работы, уключаюць тэлевізар. У радыёэфіры кандыдаты выступяць з 6.00 да 07.10 – у той перыяд, калі большасць людзей слухаюць радыё дома на кухні перад адыходам на работу. Лідзія Ярмошына лічыць, што выбраныя цяпер прамежкі часу больш зручныя ў параўнанні з 2006 годам, калі кандыдаты выступалі з 8.00 да 9.00 па радыё і з 18.00 да 19.00 у тэлеэфіры.

Старшыня ЦВК нагадала, што ў бягучым годзе ў Беларусі ўпершыню прадугледжана магчымасць удзелу кандыдатаў у тэледэбатах. Адказваючы на пытанне аб магчымым змяненні фармату тэледэбатаў і іх паказе ў прамым эфіры, а не ў запісе, як планавалася, Лідзія Ярмошына сказала, што гэта пытанне цяпер абмяркоўваецца з прадстаўнікамі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, і да 26 лістапада (апошняга тэрміну падачы заяў кандыдатамі на ўдзел у тэледэбатах) “усе арганізацыйныя пытанні будуць вырашаны”.



БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *