Падзеі, факты з жыцця раена


Спецыяліст канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Д.І. Якаўлевіч на працягу трох лістападаўскіх дзён займалася вывучэннем тэхналагічных параметраў работы брагаперагоннага апарата спіртзавода ў аграгарадку Стралічава. Зрабіла выснову, што для таго, каб заводу выйсці на праектную магутнасць, неабходна зрабіць пераналадку абсталявання.  

У
пачатку наступнага года ў КСУП “Веляцін” павінна пачацца будаўніцтва новага жывёлагадоўчага комплекса на 600 галоў, аналагічнага тым, якія зараз узводзяцца ў Храпкаве і Стралічаве. Гэта будзе комплекс круглагадовага ўтрымання жывёлы з усёй неабходнай інфраструктурай: сянажна-сіласнымі траншэямі, кашарамі і пашамі на прыфермскіх тэрыторыях. Мяркуемы тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю – сярэдзіна 2012 года.

Блакітнае паліва прыйдзе хутка ў 172 дамы жыхароў вёскі Веляцін, работы знаходзяцца на завяршальным этапе. Да арганізацый, якія займаюцца газіфікацыяй у раёне, далучылася ААТ “Рагачоўгазбуд”. Газаправод высокага і сярэдняга ціску пракладзены, мантаж унутраных сістэм газазабеспячэння выкананы. Засталося ўстанавіць газаразмеркавальны пункт, правесці неабходныя іспыты.

Ох і пашчасціла нашай зямлячцы Таццяне Салянка з аграгарадка Судкова. Яе выйгрыш у латэрэі “Суперлато” склаў больш за 31 мільён рублёў.
У мінулыя выхадныя шчаслівая жанчына, якая спаймала ўдачу за хвост, разам з мужам Аляксандрам і маці Любоўю Валянцінаўнай  ездзілі ў сталіцу, дзе ёй і ўручылі сертыфікат. На сямейным савеце вырашана грошы ўкласці ў будаўніцтва ўласнага дома.

Тэматычны фільм аб жывёльным свеце ПДРЭЗ па заказу вядучых публічна- прававых тэлеканалаў Еўропы і Амерыкі здымала з ліпеня 2009 года па верасень 2010 года даччыннае прадпрыемства буйнейшага медыаканцэрна “Баварыяфільм” (Германія). Выхад фільма будзе прымеркаваны да 25-годдзя чарнобыльскай трагедыі, яго з’яўленне на экране запланавана на красавік наступнага года.  

Аддзел культуры райвыканкама  для правядзення дыскатэк, іншых мерапрыемстваў перадаў  Казялужскаму сельскаму Дому культуры ўзмацняльнік і дзве калонкі. У бліжэйшы час вяскоўцам з РДК будуць перададзены мікрафоны і колерамузыка.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *