Да тэхнікі – з ашчаднасцю

Сельское хозяйство

Навукова-тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы і ў паўсядзённую вытворчасць пастаянна ўкараняецца ўсё новая і новая, самая сучасная тэхніка. Не застаецца ў баку ад гэтага працэсу і сельская гаспадарка.

Так, за апошнія гады на палях Хойнікшчыны з’явіліся магутныя энерганасычаныя трактары, новыя мадыфікацыі і мадэлі збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, самая сучасная айчынная і імпартная глебаапрацоўчая тэхніка. Зразумела, што не ў кожнай гаспадаркі сёння ёсць магчымасць набыць нямецкі або галандскі камбайн – цэны, як кажуць, усё ж “кусаюцца”. Тым не менш, для таго каб атрымаць належную эканамічную аддачу ад любой тэхнікі, неабходна адно: падтрымліваць яе ў спраўнасці. Аднак не ўсюды і не заўсёды работа па падрыхтоўцы рамонтна-абслуговай базы да эксплуатацыі ў зімовых умовах, а таксама падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да вясенне-палявых работ 2011 года пастаўлена на належным узроўні. У гэтым у мінулую суботу пераканаліся ўдзельнікі раённага агляду па добраўпарадкаванню машынных двароў, рамонтна-механічных майстэрняў, гаражоў і ангараў для захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі.

Кіраўнікі гаспадарак, галоўныя інжынеры і загадчыкі майстэрняў пабывалі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна і змаглі на свае вочы ацаніць стан, у якім захоўваецца тэхніка.
Вынікі былі далёка не адназначнымі. Так, у сельгаспрадпрыемстве імя Мележа стан мехдвара і майстэрняў можна смела прыводзіць у прыклад іншым гаспадаркам. Трактары, камбайны, дыскі, культыватары, сеялкі, касілкі і іншая тэхніка захоўваюцца ў поўнай адпаведнасці з дзеючымі стандартамі. З агрэгатаў і механізмаў знята ўся гідраўліка для таго, каб не перамёрзла ў зімовыя маразы, колы на камбайнах вычышчаны і пабелены, а сам двор абсталяваны сістэмай відэаназірання. Камфортныя ўмовы створаны і для працуючых у майстэрні: душ, ацяпленне, у асобнае памяшканне выдзелены пункт тэхнічнага абслугоўвання з усім неабходным наборам інструментаў і механізмаў.
Парадак і дагледжанасць пануюць на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў “Аравічы”, “Судкова” (на здымку ўнізе), больш яго стала на мехдварах КСУП “Веляцін” і “Велікаборскі”. А вось эксбаза “Стралічава” наадварот страчвае заваяваныя раней пазіцыі. Выдатная матэрыяльная база, мехдвор заасфальтаваны, аднак то тут, то там валяюцца гумавыя шыны, металічныя дыскі, трактар МТЗ стаіць пасярод двара са спушчанымі коламі (на здымку справа). А за гаражамі так і не дойдуць рукі паставіць агароджу, выгарадзіць пляцоўку для захоўвання металалому.

Сумныя ўражанні пакідае і мехдвор агракамбіната “Віць”, якія толькі ўзмацняюцца восеньскім бездарожжам. Аднак людзі ў агракамбінаце працуюць у такіх умовах ужо не першы год, і нават у іх неабходна выконваць патрабаванні галіновых стандартаў і тэхнічных рэгламентаў.

Падвёўшы вынікі раённага агляду па дабраўпарадкаванню машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да работы ў зімовых умовах і вясенне-палявых работ 2011 года, Хойніцкі раённы выканаўчы камітэт вызначыў пераможцаў:

Першае месца – КСУП “Аравічы”. Гаспадарка ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй у памеры 1050000 руб.
Другое месца – КСУП  імя Мележа. Гаспадарка ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй у памеры 700000 руб.
Трэцяе месца – КСУП  “Судкова”. Гаспадарка ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй у памеры 350000 руб.



Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *