Важней за ўсё цяпло ў доме


Сёлета, як і ў папярэднія гады, КЖУП “Хойніцкі камунальнік” выканаў значны аб’ём работ па рэканструкцыі сетак цеплазабеспячэння ў горадзе і сельскіх населеных пунктах раёна. Улічваючы значную зношанасць сетак, асаблівая ўвага ўдзялялася аварыйным участкам, работы тут праводзіліся ў першую чаргу.

Летась заменена 6,7 кіламетра цеплавых сетак пры заданні 3,7 км. У гэтым годзе праведзена замена 10 кіламетраў сетак, што і прадугледжвалася планам.

Камунальнаму прадпрыемству было выдзелена 5,5 мільярда рублёў на замену магістральных цеплавых сетак у мікрараёне “Юбілейны”. Яны накіраваны на  два аб’екты. На аб’екце  “Мадэрнізацыя  цеплавой сеткі ад ЦТП торфабрыкетнага завода “Хойніцкі” да ЦТП па вул. Першамайская, 14а і да спажыўцоў” падрадчыкам выступіла аб’яднанне “Мазырцепласеткі”. Аналагічныя работы праводзяцца  па аб’екту “Мадэрнізацыя  цеплавой сеткі ад ЦТП торфабрыкетнага завода “Хойніцкі” да ЦТП па вул. Жукава, 9а” ўласнымі сіламі. На гэты час выдзеленыя КЖУП “Хойніцкі камунальнік” бюджэтныя сродкі ў памеры 5,5 мільярда рублёў асвоены ў поўным аб’ёме.

Праведзены работы па мадэрнізацыі цеплавой сеткі ў межах вул. К.Маркса – Савецкая з перадачай цеплавых нагрузак ад кацельні Хойніцкага аўтарамонтнага завода на цэнтральную кацельню  па вул. Савецкая, 82. На гэтым аб’екце асвоена амаль 700 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў.

Варта адзначыць, што ў ходзе гэтых работ прымяняліся прад’ізаляваныя поліэтыленавыя трубы “Ізапрафлекс”, што дазволіць пазбегнуць страт цяпла на ўчастках яго падачы, а, значыць, забяспечыць  стандарт выканання паслугі для грамадзян і арганізацый, павысіць яе якасць.

Адпаведныя работы па мадэрнізацыі цеплавых сетак праводзіліся сёлета ў аграгарадках Глінішча і Стралічава. У апошнім  летась уведзены ў эксплуатацыю два катлы на мясцовых відах паліва, а сёлета  праведзена рэканструкцыя кацельні з устаноўкай паравога катла меншай магутнасці, што дазволіць з’эканоміць  блакітнае паліва.

На выхадзе праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю астатніх цеплавых сетак ад ЦТП да спажыўцоў, падключаных да кацельні па вул. Міру, 41. Гэтыя работы намечана выканаць да 500-годдзя заснавання  г. Хойнікі.

Хачу адзначыць, што прымяненне інавацыйных напрамкаў у надзвычай важнай справе цеплазабеспячэння, укараненне новых тэхналогій – гэта прамы шлях да павышэння якасці аказваемых паслуг, эканоміі сыравінных і матэрыяльных рэсурсаў. Між тым,  не могуць не ўзнікаць пазаштатныя сітуацыі, калі адбываюцца аварыі на цепласетках. Іх стараемся ліквідаваць у кароткі час, каб людзі не адчувалі нязручнасцей.



У. МАШЭЎСКІ, намеснік старшыні райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *