У групы па грамадзянству і міграцыі РАУС – наваселле

Экономика

Узятыя ў нашым раёне яшчэ да святкавання Дня беларускага пісьменства добрыя тэмпы паляпшэння ўмоў працы і абслугоўвання кліентаў у розных галінах не збаўляюцца і па сённяшні дзень.

Пацвярджэнне таму – наваселле ў групы па грамадзянству і міграцыі. З раённага аддзела ўнутраных спраў, што па вул. Карася, 2, дзе ў кабінетах, размешчаных на першым паверсе, рэалізоўвалася заканадаўства аб грамадзянстве, яна пераехала ў будынак у цэнтры старой часткі горада па вул. Савецкая, 30. Там заняла частку першага паверха, а на другім іх суседзі – супрацоўнікі аддзялення ДАІ, крымінальна-выканаўчай інспекцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Не заўважыць цяпер з вуліцы месцазнаходжанне групы па грамадзянству і міграцыі нельга – вялікі ўказальнік у выглядзе пашпарта грамадзяніна Беларусі дапаможа наведвальнікам хутка і лёгка знайсці новы адрас.
22 снежня ў час урачыстага адкрыцця новых рабочых памяшканняў групы па грамадзянству і міграцыі чырвоную стужку разрэзалі кіраўнік раёна А.В. Бічан, намеснік начальніка УУС аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі С.П. Зайцаў і старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС маёр міліцыі В.А. Уласенка.

У гэтым месяцы група па грамадзянству і міграцыі РАУС адзначыла яшчэ адно свята – 90-годдзе з дня стварэння. Далейшы адлік сваёй гісторыі цяпер будзе весціся па новаму адрасу.

Больш за 280 млн. руб., выдзеленых з абласнога бюджэту, укладзена ў капітальны рамонт будынка. Раённая ўлада пасадзейнічала таму, каб не знеслі яго і стварылі дастойныя ўмовы працы людзям у міліцэйскіх пагонах і іх наведвальнікам. Па заявах жа грамадзян падраздзяленнем РАУС выконваецца больш за 50 адміністрацыйных працэдур.

У выніку капрамонту былі заменены дах, вокны, падведзены неабходныя камунікацыі, нададзена новае знешняе і ўнутранае аблічча.

Словы ўдзячнасці ў рэалізацыі намечаных планаў былі выказаны ў адрас намесніка старшыні аблвыканкама У.Р. Надтачаева, старшыні райвыканкама і яго намесніка А.В. Бічана і А.У. Машэўскага, будаўнікоў ПБУП “ГомельРемТорг”. Начальнік РАУС С.А. Барысенка за набыццё мэблі дзякаваў спонсарам – кіраўніцтву ПУП “Палескія сыры” на чале з галаўной арганізацыяй ААТ “Мясомолпром”.

У дзень наваселля з мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы групы па грамадзянству і міграцыі падарункі ўручылі: ад УУС аблвыканкама – намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянству і міграцыі УУС аблвыканкама Н.П. Дубкова, ад райвыканкама – старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар. 


       
Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *