Заўсёды сярод першых

Людзі і лёсы Увлечения хойничан

Напэўна, кожны прыкмячаў, што калі ў чалавека ладзяцца справы ва ўсіх сферах яго жыцця, калі ў яго ёсць любімы занятак, то і выглядае ён бадзёра і сваёй энергіяй быццам сілкуе акружаючых. Менавіта такі выратавальнік-пажарны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Юрый Маркавіч Гапоненка.

Ведаю яго ўжо не першы год і не перастаю здзіўляцца таму, як яму ўдаецца з аднолькавым поспехам спраўляцца і на дачным участку, якім стала бацькоўскае селішча па вуліцы Першамайскай у Хойніках, і на рабоце быць у ліку лепшых, і адначасова з’яўляцца адным з пастаянных удзельнікаў шматлікіх спартыўных спаборніцтваў у раёне і ў запаведніку.
Характэрна, што ўсё, за што ён бярэцца, прывык рабіць на сумленне, так, як выхавалі яго бацькі Эмілія Мікалаеўна і Марк Адамавіч. Разам яны выхавалі 6 сыноў і 2 дачок, а значыць, як і большасць шматдзетных сем’яў, жылі Гапоненкі ў атмасферы ўзаемадапамогі, узаемаразумення і ў няспыннай працы, якая жыццёва неабходна была для таго, каб пракарміцца з уласнай гаспадаркі.
Гэтаму прынцыпу – забяспечваць сваю сям’ю прадуктамі харчавання з уласнага падвор’я – ён застаўся верным і сёння. У невялікім бацькоўскім доме і на зямельным участку, якія служаць цяпер у якасці дачы, Юрый Маркавіч разам з жонкай Людмілай Аляксандраўнай утрымліваюць усё разумна і рацыянальна. Кожны адказвае за свой участак работ: Юрый займаецца хатняй жывёлай і птушкай, а гаспадыня клапоціцца аб усім, што расце на прысядзібным участку – гароднінных і садовых культурах, дрэвах, ягадах і кветках.
Зразумела, што асабліва шмат работы ў вясенне-асенні перыяд. Раніца Юрыя Маркавіча звычайна пачынаецца з 6 гадзін – якраз да пачатку рабочага дня, каб пакарміць усю сваю птушына-трусовую жыўнасць. А яе тут нямала. Трусы нямецкай пароды «стракачы», куры таксама пародзістыя, як мясныя, так і яйканосныя, фазаны, індыкі. Прыгожая ўсходне-еўрапейская аўчарка Алтай – вартаўнік усяго гэтага статка.
І нарэшце галубы – птушкі, якімі Юрый Маркавіч захапляецца з самога дзяцінства (а дакладней, з 14-гадовага ўзросту) і пра якіх ён ведае, напэўна, усё. Колькі іх прайшло праз яго рукі за гэтыя больш чым 4 дзесяцігоддзі! На колькіх выстаўках у вобласці, Беларусі і Расіі ён пабываў са сваімі выхаванцамі! Колькім дзецям (у тым ліку, і дзецям-інвалідам) прынёс ён радасць сваімі галубамі і галубкамі!
Гэтых прыгожых птушак ён і сёння ўтрымлівае каля сотні, гадзінамі гатовы расказваць пра іх самыя незвычайныя і неверагодныя факты. Пастаянна падтрымлівае сувязь з іншымі аматарамі галубоў з краіны і вобласці, а найбольш цесную – з ураджэнцамі нашага горада, падпалкоўнікам запасу Віктарам Турчыным, які жыве ў Рэчыцы і лічыцца (як, дарэчы, і сам Юрый Гапоненка) адным з лепшых «галубятнікаў» вобласці.
Сям’я Гапоненкаў не плануе скарачаць уласную гаспадарку. Наадварот, толькі за апошнія два гады тут з’явіліся фазаны і індыкі, куры галандскія белахохлыя і «чорныя міноркі», трусы…
І, канешне ж, галубы. Іх пагалоўе сёння ў асноўным папаўняецца за кошт дэкаратыўных парод («волжскія чырвоныя стужкавыя», «чырвоныя краснадарскія», нямецкая парода «гумбійскія белагаловыя», «венскія» галубы), аднак ёсць і новыя голуб з галубкай высокалётныя – «пермскія грывуны».
Дапамагаюць маці з бацькам дачка Алеся з мужам і 5-гадовай унучкай Кірай. А вось сын Максім пасля заканчэння геалагічнага факультэта Гомельскага БДУ імя Ф. Скарыны зараз служыць у спецназе, у паветрана-дэсантных войсках.
Такое ганаровае месца службы Максіму выпала не выпадкова – як і бацька, і маці, з дзяцінства сябруе ён са спортам. Што ж датычыць Юрыя Маркавіча, то і чэмпіёнам Беларусі па лёгкай атлетыцы быў ён у школьныя гады, і вобласці, нават стаў удзельнікам Усесаюзнай спартакіяды школьнікаў СССР у бегу на 3000 метраў з перашкодамі.
Потым аднолькава паспяхова выступаў ён і ў лыжным спорце, і ў валейболе, і ў іншых гульнявых відах спорту.
Палкоўнік запасу Ю.М. Гапоненка і сёння нязменны ўдзельнік, пераможца і прызёр спаборніцтваў рознага ўзроўню па гэтых відах спорту. Вось і сёння ён прыме ўдзел у забегах традыцыйнага вясенняга кросу. А прысвяціць гэты старт мае намер свайму будучаму 55-годдзю, якое адзначыць акурат на Дзень касманаўтыкі – 12 красавіка. І імя сваё Ю.М. Гапоненка атрымаў ад бацькоў у гонар першага палёту чалавека ў космас. Магчыма адсюль і паходзіць яго пастаяннае імкненне быць заўсёды ў ліку першых.
З юбілеем Вас, Юрый Маркавіч!

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *