Нашы праблемы нам вырашаць

Сельское хозяйство

Пайшоў трэці месяц зімоўкі грамадскага статка. За гэты час можна падвесці прамежкавыя вынікі работы жывёлаводаў раёна ў зімова-стойлавым перыядзе ўтрымання жывёлы.

У цэлым зімоўка жывёлы ў гаспадарках раёна праходзіць арганізавана і мы плюсуем да ўзроўню мінулага года па валавых надоях і рэалізацыі малака, не ніжэй леташняга паказчыка раён і па надоях малака ад каровы. Гэта падмацоўваецца і лічбамі статыстыкі. Так, па аператыўных даных райсельгасхарчу па стану на 11 студзеня валавы надой малака па раёну ў 2010 годзе складаў 48313 кг, а ў гэтым надоена ўжо 52489 кг  (+4176 кг). Паказчыкі рэалізацыі малака такія: у 2010 годзе на гэты дзень было рэалізавана 38551 кг, у 2011 – 41035 кг  (+ 2484 кг). Сярэднясутачны надой малака ад каровы  на гэтую дату пакуль што аднолькавы: і летась, і сёлета ён складае па раёну 7,9 кілаграма малака.

Аднак, аналізуючы сітуацыю на месцах, можна смела рабіць выснову аб тым, што цяперашняя зімоўка жывёлы праходзіць не без праблем. Галоўная з іх – недахоп канцэнтраваных кармоў, адной з важнейшых складаемых рацыёна кармлення жывёлы. У многім дзякуючы ім жывёла атрымлівае неабходныя бялкі і пратэіны, мікра- і макраэлементы, а яе рацыён набывае аптымальную энергетычную і пажыўную каштоўнасць. Ад ураджаю леташняга і да ўраджаю гэтага года грамадскаму пагалоўю раёна неабходна мець 13695 тон камбікармоў, а гаспадаркі атрымалі толькі 7690 тон – амаль палову ад патрэбнага. Больш таго, з атрыманага зараз засталося толькі 100 кілаграмаў канцэнтратаў і 375 тон зернефуражу – гэта на 6660 наяўных у гаспадарках кароў …

Застаецца толькі спадзявацца на ўступленне ў сілу палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 582 “Аб ільготным крэдытаванні прадпрыемстваў АПК на набыццё канцэнтраваных кармоў”, у адпаведнасці з якім раёну на гэтыя мэты будзе выдзелена 1 мільярд 108 мільёнаў рублёў.

Самая складаная сітуацыя з забеспячэннем кармамі склалася ў агракамбінаце “Віць”. Тут не хапае не толькі канцэнтратаў і зернефуражу, але нават сена і сіласу. Таму ўжо зараз агракамбінат вымушаны аддаваць сваіх бычкоў сельгаспрадпрыемству імя Мележа ў кошт разлікаў за кармы. Не дзіўна, што сёння “Віць” мінусуе па ўсіх паказчыках вытворчасці малака, якія і летась, шчыра кажучы, не выклікалі асаблівай зайздрасці.

А вось у каго варта павучыцца належнай арганізацыі зімоўкі жывёлы, дык гэта ў КУП “Аравічы”, дзе амаль што не ўзнікае невырашальных пытанняў. Таму ўпаўне лагічна, што гэтае сельгаспрадпрыемства сёння з’яўляецца адным з лідэраў сярод гаспадарак раёна як па вытворчасці і рэалізацыі малака, так і па яго якасці. Па стану на 11 студзеня “Аравічы” паставілі на ПУП “Палескія сыры” 4920 кг малака гатункам “Экстра”, а астатняе малако з гэтай гаспадаркі кваліфікуецца выключна вышэйшым гатункам.

У цэлым па раёну паўстае і праблема забяспечанасці жывёлагадоўчымі кадрамі: у гаспадарках не хапае цялятніц, падменных аператараў машыннага даення кароў, таму варта адной з даярак захварэць – і ўсё, праблема…
Есць і іншыя вузкія месцы ў рабоце па вытворчасці малака і яго якасці ў зімова-стойлавым перыядзе. Тым не менш, вырашаць іх неабходна, і разлічваць у гэтым застаецца толькі на ўласныя сілы, канцэнтрацыю і мабілізацыю ўсіх наяўных рэсурсаў.



 А. ТАЛЬЧУК,  галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *