Есць месца для радасці


 


Што ні гаварыце, але нямногім сямейным парам шчасціць дачакацца залатога вяселля. А вось жыхары нашага райцэнтра  Міхаіл Кірылавіч і Зінаіда Аляксееўна Шкурко адзначаць гэтую знамянальную падзею 14 студзеня. У чаканні яе ў  памяці саміх юбіляраў, быццам у кінатэатры паўторнага фільма, мільгаюць кадры іх пражытага бок аб бок жыцця.

Пажаніліся Шкурко, выхадцы з сялянскіх сем’яў, у 1961 годзе. Абодва  нарадзіліся ў вёсцы Пажаркі Брагінскага раёна ў адметныя дні – Міхаіл 1 мая 1937-га,  Зінаіда – 1 красавіка 1939 года. Разам хадзілі ў школу ў вёсцы Мікулічы. З часам дзіцячая дружба ператварылася ў вялікае каханне, якое яны аберагаюць і ахоўваюць пяць дзесяткаў гадоў.

У час вайсковай службы, якую Міхаіл праходзіў у горадзе Выбаргу ля самай фінскай граніцы, ім была набыта спецыяльнасць вадзіцеля, якая стала справай усяго жыцця – да самага выхаду на пенсію ў 1999 годзе працаваў ён вадзіцелем аўтапарка № 14.

А пачыналася сямейнае жыццё Шкурко на Поўначы, у горадзе Вусцькут, куды Міхаіл паехаў па камсамольскай пуцёўцы – будаваў порт на рацэ Лена. Туды ж перавёз і маладую жонку пасля таго, як згулялі вяселле ў роднай вёсцы. Тут жа, за многа кіламетраў ад малой радзімы, нарадзілася Валянціна – першая дачка Шкурко. Яна і тварам падобная на бацьку, і, можна сказаць, унаследавала яго працоўныя гены – больш за 30 гадоў нязменна працуе ў РВПС паштальёнам па суправаджэнню пошты – старанна і добрасумленна выконвае даручаную справу.

Дамоў маладая сям’я вярнулася праз тры гады, а ў 1968 годзе перабраліся жыць у Хойнікі.

Купілі дом на вуліцы Пралетарскай, пасадзілі садовыя дрэвы. Тады ж нарадзілася другая дачка Таццяна, яна жыве цяпер ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці, працуе па рабочай спецыяльнасці. У 1968 годзе  з’явіўся на свет малодшы сын Ігар, ён – майстар-энергетык, у калектыве раёна электрычных сетак на добрым рахунку. Міхаіл Кірылавіч і Зінаіда Аляксееўна маюць пяць унукаў, дачакаліся ўжо двух праўнукаў – Вольгу і Арцёма, якіх падарыла ўнучка Наталля, дачка Валянціны.

– Мне падабалася мэтанакіраванасць мужа, – зазначае Зінаіда Аляксееўна. – Хлопец ваенных гадоў, ён рана стаў самастойным. Яго заўсёды ставілі ў прыклад. А праца вадзіцеля не з лёгкіх і вельмі адказная, тым больш, што займаўся пасажыраперавозкамі.

Сама Зінаіда Аляксееўна ўсё жыццё працавала на рабочых спецыяльнасцях, на пенсію пайшла з калектыву райспажыўтаварыства.
Спытала ў залатых юбіляраў, у чым, на іх погляд, заключаецца “рэцэпт” сямейнага шчасця.

– Сям’я  –  адказаў Міхаіл Кірылавіч, – гэта аснова грамадства (не пабаюся гучных слоў). – Сям’я – гэта стабільнасць і ўпэўненасць у сённяшнім і заўтрашнім дні. Да таго ж, гэта велізарная адказнасць, якая дазваляе чалавеку быць моцным. Мы з жонкай многае даруем  адзін аднаму. Маю на ўвазе бытавыя дробязі. Вельмі шкада, што менавіта гэтыя дробязі становяцца ў многіх сем’ях прычынай раздораў. Запал пачуццяў з гадамі праходзіць. Гэта натуральны працэс. Мы з жонкай сябруем па-сапраўднаму, мы дапаўняем адзін аднаго, заўсёды яна з’яўляецца ў час і ў патрэбным месцы,  узбагачаючы маё жыццё нейкімі непрыкметнымі, але вельмі важнымі штрыхамі. Прызнацца, я не ведаю, чаго тут больш – дружбы або кахання.

Зінаіда Аляксееўна была менш шматслоўная ў адказе на гэтае пытанне:
– Для мяне, як жанчыны, вельмі важная абстаноўка ў сям’і. Калі ўсе здаровыя, калі ёсць разуменне і падтрымка. І яшчэ: я ўсё жыццё адпрацавала на вытворчасці,  дамашняя гаспадарка, выхаванне дзяцей вымушала клопатаў, і не разумею, як могуць існаваць некаторыя людзі без работы. І цяпер, у нашы гады, мы з мужам ахвотна займаемся на прысядзібным участку, толькі б здароўе не падводзіла.
…Дарэчы, залатое вяселле – гэта яшчэ не фінал сямейнага шчасця, ёсць яшчэ ізумруднае і брыльянтавае. Дай Бог, каб іх адсвяткавалі ў сям’і Шкурко.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *