Уцеха для душы


  Вышыўка, бісерапляценне, нітачны дызайн, скураная пластыка і скураная мазаіка – віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія  асвоіла настаўніца абслуговай працы гімназіі г. Хойнікі Людміла Іванаўна Мароз. У стварэнні рукатворных шэдэўраў першы памочнік Людмілы Іванаўны  яе муж Віктар Міхайлавіч.

– Мастацкай народнай творчасцю пачала займацца ў дзяцінстве, інтарэс да яго прывілі мне мае маці і бабуля, – расказвае Людміла Іванаўна. – Спачатку гэта было вязанне, потым захапілася інкрустацыяй з саломкі, зараз перавагу аддаю скураной пластыцы і скураной мазаіцы. Асвойвала народнае мастацтва ў час вучобы ў Вялікалукскім сельскагаспадарчым інстытуце, у час працы аграномам Хойніцкай станцыі аховы раслін і будучы інструктарам РК КПБ. Зараз набытыя самастойна навыкі перадаю вучням на ўроках абслуговай працы. Вельмі прыемна, што мае выхаванцы з інтарэсам адносяцца да народнага мастацтва.

Дыпламантамі прадметнай алімпіяды станавіліся вучаніцы Л.І. Мароз Алена Куліцкая і Таццяна Ярмоленка. Выпускнікі гімназіі, якія займаліся інкрустацыяй з саломкі, працуюць майстрамі на Хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.
Вопытам сваёй працы дзялілася Людміла Іванаўна з калегамі на рэспубліканскім семінары, які праходзіў у горадзе Светлагорску – давала майстар-клас па скураной пластыцы і скураной мазаіцы.

Л.І. Мароз пастаянна ўдзельнічае  ў рэспубліканскім конкурсе “Калядная зорка”. Да сёлетняга свята падрыхтавала вышываную працу пад назвай “З калядкамі” – выканала яе дробным крыжыкам з выявай анёла.
Вялікая колькасць наведвальнікаў азнаёмілася з работамі Л.І. Мароз на выстаўцы, якая была прымеркавана да Дня беларускага пісьменства ў Хойніках.

Мастацкая творчасць для Людмілы Іванаўны многае значыць. Варта толькі сесці за пяльцы або ўзяць у рукі сонечную саломку, як душа напаўняецца радасцю і спакоем. У нашым вірлівым жыцці гэта, напэўна, самае галоўнае.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *