Вялікі талент палескага краю


Імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа з гонарам носяць Глінішчанская СШ і мясцовае сельгаспрадпрыемства. Вуліца яго імя ёсць і ў дарагіх сэрцу пісьменніка Хойніках, у Лельчыцах і ў нашай сталіцы. Імем песняра Палесся названы і Мазырскі драматычны тэатр. Па Прыпяці плавае цеплаход «Іван Мележ». А яшчэ на радзіме пісьменніка, у Глінішчы, адкрыты ў 1983 годзе літаратурны музей Івана Мележа. Аўтарам і рэалізатарам стваральнай ідэі стаў тагачасны другі сакратар Хойніцкага райкама партыі, ураджэнец вёскі Баршчоўка, Аляксей Мікалаевіч Сцепаненка. Закаханыя ў творчасць свайго знакамітага земляка Аляксей Мікалаевіч і яго аднадумцы зрабілі ўсё, каб духоўная прысутнасць Мележа на родным Палессі заставалася на вякі.



Гэта наша Хойнікшчына дала Івану Паўлавічу Мележу вялікія творчыя сілы. Ен прачуў яе жыццё з маленства, столькі пачэрпнуў душой і сэрцам, што хапіла, каб таленавіта дзяліцца з кожным.
Часта вандраваў я па мележаўскім Палессі. На жаль, не было ўжо на шчырых літаратурных сустрэчах самога народнага пісьменніка. З жураўлівай тугой прыгадваецца апошні аўтарскі вечар Івана Мележа ў Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, які праходзіў у маі 1976 года, як трохі прыпозненая адзнака мележаўскага 55-годдзя. Побач з Іванам Мележам былі Мікола Аўрамчык і Еўдакія Лось. Знакаміты Глінішчанскі хор выконваў любімую песню пра вербы ў канцы грэблі, артысты-купалаўцы паказвалі спектакль па творы «Людзі на балоце» з незабыўнай Ліліяй Давідовіч у ролі Ганны Чарнушкі… Колькі давялося тады пачуць узрушлівых слоў-водгукаў землякоў-глінішчанцаў пра той аўтарскі мележаўскі вечар і пра апошні, ліпеньскі прылёт Івана Мележа разам з Пятром Міронавічам Машэравым і Іванам Пятровічам Шамякіным на верталёце!  Землякам здавалася, што Мележ быў самым шчаслівым на зямлі чалавекам. Ен збіраўся жыць і тварыць, працягваць сваю «палескую хроніку» праз гады выпрабаванняў і страт, пісаць і далей мужны летапіс роднага краю. Аднак сталася ўсё інакш – трагічна горка сталася…



…Жнівень падступіць
                      гарачы, і слёзы
Вёска аброніць
                     ад весткі-бяды,
Помнячы тое, што сын
                     у нябёсы
Як у бяссмерце падаўся тады.



Жыхары Хойнікшчыны, а глінішчанцы найперш, шануюць і берагуць памяць пра вялікага земляка. Тут, у Хойніках, напаткала яго школьнае юнацтва, першая сталая праца, прыйшло трапяткое натхненне. Адсюль лягла жыццёвая дарога ў шырокі свет, прывяла ў студэнцкую маскоўскую аўдыторыю, пакручастымі сцежкамі лёсу павяла ліхалеццем кровапралітнай вайны, дзе былі раненне пад Растовам, тбіліскі самотны шпіталь, бугурусланскае светла-спакойнае каханне, прыезд з маладой жонкай і маленькай дачкой на станцыю Сходня пад Маскву. Там яшчэ ў ваенны час адчыніў свае дзверы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, і Мележ, як выкладчык ваеннай падрыхтоўкі, працаваў у ім да вяртання ў спалены і зруйнаваны Мінск, дзе выпала заняцца першай сур’ёзнай літаратурнай працай – па гарачых слядах вайны пісаць раман «Мінскі напрамак».
Ужо без Мележа адзначалася на Хойнікшчыне 60-годдзе пісьменніка. У раённым Доме культуры адбыўся вялікі літаратурны вечар, у якім удзельнічалі як старэйшыя, так і маладзейшыя сябры-паплечнікі волата беларускай прозы. Пра свайго стрыечнага брата расказаў прысутным старшыня бабчынскага калгаса Анікандр Дзмітрыевіч Мележ. Народныя артысты Беларусі Лілія Давідовіч і Генадзь Гарбук выконвалі знакамітую сцэну сустрэчы Ганны і Васіля пад грушамі. Літаратурны вечар адбыўся і ў Глінішчанскім СДК, дзе выступалі Алесь Асіпенка, Анатоль Грачанікаў, Генрых Далідовіч, Яўген Лецка, а той жа глінішчанскі хор выканаў зноў любімую песню Мележа пра вербы ў канцы грэблі і многія іншыя народныя песні.



Мікола МЯТЛІЦКІ,
паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», г. Мінск.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *