У Стралічава плюсуюць, бо старанна працуюць

Сельское хозяйство

Ферма значна плюсуе па валавым надоі і па рэалізацыі малака ў параўнанні з мінулым годам. Сакрэт поспеху – выкананне тэхналогіі. Дарэчы, першае, што кідаецца ў вочы, калі трапляеш на ферму, – крыштальна чыстыя каровы. Паўплывала, канешне, і кадравае абнаўленне: пачынаючы ад брыгадзіра – Наталлі Уладзіміраўны Хутарцовай, і заканчваючы жывёлаводамі.

Калі раслінаводства вельмі залежыць ад надвор’я і ў сувязі з красавіцкім пахаладаннем тэмпы палявых работ былі зніжаны, то на жывёлагадоўлю паказчыкі слупка тэрмометра не так уплываюць – зніжаць нельга.
Учора мы пабывалі на ранішняй дойцы на Стралічаўскай ферме. Нагадаем, што тут пабудаваны тры ўнікальныя хлявы-тысячнікі. Памяшканні для ўтрымання жывёлы былі ўжо развалены, патрэбна было іх зносіць, але дзякуючы правільным рашэнням кіраўніцтва раёна, іх выратавалі і рэканструявалі. Цяпер тут сапраўднае раздолле для кароў. Паміж двума памяшканнямі пабудавалі даільна-малочны блок. Такім чынам разваліны пераўтварыліся ў сучасны комплекс.

«У першым хляву знаходзяцца цёлкі ўзнаўлення, у другім – цэх вытворчасці малака, у трэцім – радзільнае аддзяленне, – праводзіць экскурсію загадчыца фермы Наталля Уладзіміраўна Хутарцова. – На комплексе працуе дваццаць чалавек, у тым ліку пяць аператараў машыннага даення. Усе працавітыя і старанныя. Мы вялікую ўвагу надаём якасці малака – з нашай фермы зараз яно ідзе стопрацэнта сортам «экстра».

Вольга Рыгораўна Цімафеева родам з Казахстана. У Стралічава пераехала ў 1998 годзе, з таго часу і працуе даяркай. У яе трое дзяцей, муж – электрык у гаспадарцы.
«Цяпер час пасяўной. Мы паспеем і на рабоце, і на агародзе. Усё будзе!».

Наталля Міхайлаўна Ліпко нарадзілася ў Судкова, замуж выйшла ў Барысаўшчыне, а пасля пераехала жыць і працаваць у Стралічава. Муж яе механізатар – таксама ў пашане, часта пішам пра яго ў нашай газеце. У іх восем дзяцей і два ўнукі.
«Я на ДМБ з самога яго адкрыцця, што і казаць, умовы тут выдатныя».

Аляксандра Васільеўна Герасенка прыехала з сям’ёй у Стралічава з Казахстана. Закончыла Хойніцкі прафесійны ліцэй. Але па спецыяльнасці не пайшла працаваць – карэктывы ўнесла нараджэнне дзіцяці. Два гады яна доіць кароў і ўсім задаволена, калі б не адно «але»…
«Рост у мяне маленькі, не вельмі зручна працаваць у «яме»”, але, калі жадаць, то прыстасавацца можна да ўсяго!».

Надзежда Георгіеўна Папкова жыла ў Крыму, а ў 1994 годзе з сястрой і яе мужам пераехала ў Стралічава. Шмат гадоў працавала на Хойніцкім хлебазаводзе, але потым была вымушана пакінуць тую работу па прычыне здароўя. Хаця цяпер цялятніца ніколькі аб гэтым не шкадуе.
«Я як убачыла цялят – адразу ў іх улюбілася. Шкада, што раней я не ведала пра магчымасць тут працаваць. Вельмі люблю жывёлу. Вось тут у мяне Лыска, там Ласкавы… Цёл-цёл-цёл…».

Алеся Уладзіміраўна Саскевіч закончыла Рэчыцкі аграрны каледж. Тэхнікам-асемянатарам працуе год, да гэтага была аператарам машыннага даення. З новымі абавязкамі спраўляецца цудоўна і зазначае:
«Калектыў у нас дружны, моладзь ва ўсім падтрымліваюць».

Максім Ліпко чатыры месяцы з’яўляецца тут даглядчыкам, а наогул у жывёлагадоўлю ён прыйшоў адразу пасля заканчэння школы. На ферме працуе разам з маці.
«Нас на ферме чатыры даглядчыка, дзелімся па зменах, тры чалавекі абслугоўваюць жывёлу – адзін выхадны. У прынцыпе ўсё зручна. Комплекс у нас добры».
Павел Казмярчук закончыў Хойніцкі прафесійны ліцэй – атрымаў там некалькі спецыяльнасцей. Пасля чатыры гады працаваў ахоўнікам у Мінску. Але пасля скарачэння вярнуўся са сталіцы ў роднае Стралічава, пяць месяцаў назад уладкаваўся на ферму даглядчыкам. Пра работу гаворыць коратка, але яскрава:
«Усё выдатна. Мне падабаецца!».

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *