Падзеі, факты з жыцця раена


Сацыяльны анлім – так называецца новы пакет паслуг, які прадастаўляецца Белтелекамам. На 22 тыс. руб. зніжаны кошт падключэння да сеткі  Інтэрнет для  інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ групы, інвалідаў па прычыне захворвання апорна-рухальнага апарата, сем’яў, ў якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама для грамадскіх арганізацый пры прадастаўленні ў сервісны цэнтр РВЭС адпаведных дакументаў.  З часу  ўвядзення паслугай скарысталіся 19 хойніцкіх абанентаў.



У суме 2 млрд. 400 млн. руб. абласным бюджэтам па чарнобыльскай тэматыцы выдзелены грашовыя сродкі прадпрыемству меліярацыйных сетак. Яны прызначаны для правядзення рэканструкцыі меліярацыйных сетак, якая павінна быць выканана да верасня-кастрычніка сёлета. На аб’екце «Віць-Тур’я» ў раёне вёскі Куравое плануецца правесці меліяраванне земляў на плошчы 300 га, на аб’екце «Клівы» КСУП «Судкова» – 200 га.



Багаты спектр дзяржаўнай падтрымкі існуе для людзей, якія    займаюцца прыватным бізнесам. Так, са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелена бюджэтная пазыка ТДА «ХойнікіЛюкс» у памеры 267 млн. руб. для стварэння 18 рабочых месц. Акрамя таго, за мінулы год з розных крыніц фінансавання створана на прадпрыемствах і ў арганізацыях нашага раёна 206 рабочых месц, як і прадугледжвалася планам, у тым ліку набыў працу ў райцэнтры 191 чалавек.



Оптымум паміж вытворчасцю і збытам прадукцыі дасягаецца на спіртзаводзе эксбазы «Стралічава». Дзеля гэтага існуе дамоўленасць аб пастаўцы спірту-рэктыфікату першага сорту на Калінкавіцкі завод бытавой хіміі і Слуцкі воцатны завод у колькасці 10 тыс. далаў. Першае прадпрыемства вырашыла закупіць 85 тон спірту. Яго прадстаўнікі пабывалі ўжо ў Стралічаве і зрабілі адбор проб закупляемай прадукцыі.



Тэма аздараўлення дзіцячага і дарослага насельніцтва нашага раёна абмяркоўвалася ў ходзе прыёму грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме, які праводзіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню У.М. Мазур. На прыём звярнулася пяць чалавек. Прынята да ведама просьба метадыста па аздараўленню аддзела адукацыі райвыканкама Н.І. Каўровай аб тым, каб большая частка дзіцячых пуцёвак прадастаўлялася ў летні час.



Адной з самых «ураджайных» на сямейныя скандалы аказалася ноч на 24 студзеня. Паведамленні аб гэтым паступалі ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС 16 разоў! У асноўным з гарадскога жылля, але давялося выязджаць міліцыянерам і ў вёску Вялікі Бор. Прычына скандалаў ранейшая – п’янства. Шкада, але няўцям заяўнікам, што яны рубяць сук, на якім сядзяць, – скандалістам пагражае  штраф, а гэта вельмі б’е па сямейнаму кашальку.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *