Раён наведала дэлегацыя Беларускага саюза жанчын

Рэха падзеі

Удзел у візіце ўзялі намеснікі старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Н.А. Ермакова і А.П. Морава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Г.М. Пашэд і яе намеснік В.М. Кашавенка, прадстаўніцы структурных падраздзяленняў грамадскіх аб’яднанняў «ААБ «Беларусбанк», ААТ «Банк БелВЭБ» і вядучыя ўрачы рэспубліканскіх медыцынскіх цэнтраў. Мэтай візіту было не толькі азнаямленне з Хойнікшчынай, але і дабрачыннасць.
Урач-мамолаг-анколаг РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Н.А. Казлоўская, афтальмолаг 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінск Д.Я. Абельскі, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя А.П. Шэпялькевіч і наша зямлячка, па сумяшчальніцтву старшыня клуба жанчын-медыкаў Беларусі, дырэктар РНПЦ отарыналарынгалогіі Л.Э. Макарына-Кібак правялі медыцынскія прыёмы ў цэнтральнай раённай бальніцы. Асноўная ўвага была нададзена менавіта пацыенткам у рамках акцыі «Здароўе жанчыны – здароўе нацыі» ў сувязі з 31-й гадавінай з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Пакуль урачы кансультавалі, суправаджала прадстаўніц Беларускага саюза жанчын у паездцы па Хойнікшчыне старшыня раённай арганізацыі гэтага аб’яднання – намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская.
Перш-наперш чакалі гасцей у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе займаюцца 63 дзіцяці. Выхаванцам уручылі карысныя падарункі і салодкасці, а ўстанова атрымала ад грамадскага аб’яднання каштоўны падарунак – ноутбук.

Наборы канцылярскіх прылежнасцей і смачныя сувеніры з радасцю прынялі рабяты, якія выхоўваюцца ў Барысаўшчанскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. У падарунак госці перадалі ўстанове сушылку для гародніны.
З задавальненнем пазнаёміліся з бацькамі прыёмнай сям’і Сідарок з в. Віць. Яны выхоўваюць трох прыёмных сыноў, малодшаму з якіх 6 гадоў. Ніхто не застаўся без смачнага падарунка, а матуля Ніна Сяргееўна атрымала сапраўдную памочніцу – так называецца бытавая тэхніка для кухні, якую ўручыла жанчыне Надзежда Андрэеўна Ермакова.
Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын пабывалі ў гасцях у дзіцячым доме сямейнага тыпу сям’і Камарэнкаў у Хойніках, дзе іх гасцінна сустрэлі прыёмныя бацькі Алена і Віктар разам з 8 дзецьмі. Яны прынялі шчодрыя падарункі – канцылярскія наборы, багата аздобленыя дзіцячыя кнігі і наборы пасцельнай бялізны. У сваю чаргу таксама падарылі гасцям сувеніры на памяць. Сям’я Камарэнкаў добра вядомая чытачам па іх захапленню – вырабу з бісера. Для дэлегацыі гэта сям’я сабрала цэлы букет са шкляных бусінак.
Вялікая колькасць кампліментаў прагучала ад гасцей у час наведвання гарадскога парка, раённага краязнаўчага музея і экскурсіі па гораду і раёну. У музеі дэлегацыя зацікавілася экспанатамі ў памяць нашай славутай зямлячкі – паэтэсы Алы Канапелька, якая, на жаль, памерла ў 2015 годзе. Ала Іванаўна доўгі час працавала намеснікам галоўнага рэдактара карпаратыўнага часопіса «Веснік Беларусбанка». Яе калегі, якія прыехалі ў Хойнікі, паабяцалі перадаць асабістыя рэчы на малую радзіму. Таму ў будучым імянная вітрына паэтэсы папоўніцца.
У выніку паездкі ўсе ўдзельніцы былі аднадушныя – Хойнікшчына ззяе чысцінёй і добраўпарадкаванасцю насуперак усім цяжкасцям, з якімі давялося сутыкнуцца мясцовым жыхарам 31 год таму.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *