Чалавек працай слаўны

Людзі і лёсы

Бухгалтарскія работнікі сцвярджаюць, што іх справа – гэта мастацтва, якому, канешне, можна навучыцца і атрымаць адпаведны дыплом. Але сярод іх ёсць сапраўдныя майстры сваёй справы, такія як наша калега – галоўны бухгалтар раённай газеты “Хойніцкія навіны” Надзежда Фёдараўна Ходас.



Яе праца патрабуе ад чалавека асаблівых якасцей – сканцэнтраванасці, настойлівасці, упартасці, адказных адносін да абавязкаў. Н.Ф. Ходас валодае імі спаўна, што дэманструе вось ужо на працягу 32 гадоў на сваёй пасадзе ў адным і тым жа працоўным калектыве.



Карані Надзежды Фёдараўны з вёскі Беразнякі Калінкавіцкага раёна. Тут яна закончыла васьмігодку, пасля чаго паступіла ў Мінскае паліграфічнае вучылішча. Па размеркаванню прыехала на працу ў Хойніцкую друкарню друкаром чацвёртага разрада. Ленінградскі фінансавы тэхнікум, які Надзежда Фёдараўна закончыла завочна, стаў стартавай пляцоўкай для справы ўсяго жыцця. Яе праца мае вялікае значэнне для эканомікі нашага выдання. Можна па праву лічыць, што ў летапісе добрых спраў раёнкі, якая, дарэчы сёлета адзначае свой 80-гадовы юбілей, ёсць вялікі ўклад і нашага галоўнага бухгалтара.



У Хойніках Надзежда Фёдараўна набыла і сваё сямейнае шчасце – разам з мужам Васілём  Васільевічам нарадзілі і выхавалі двух сыноў, якія падаравалі дзядулі і бабулі трох цудоўных унучак.



  Сёння Н.Ф. Ходас святкуе свой 55-гадовы юбілей з дня нараджэння. За шматгадовую і добрасумленную працу і ў сувязі з юбілеем яна ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.



Сардэчна віншуем нашага юбіляра і шчыра жадаем надалей захаваць такія ўласцівыя ёй бадзёрасць і аптымізм, а таксама зычым моцнага здароўя, поспехаў і ўдачы ва ўсіх справах і пачынаннях, вялікага асабістага шчасця.



Калектыў рэдакцыі «Хойніцкіх навін».


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *