Фінал злачынных гастроляў

Законнасць і парадак

Размяняўшы  летась чацвёрты дзесятак гадоў, жыхар горада Рэчыца Віктар Ігаравіч Рэбянок паспеў сабраць незайздросную калекцыю судзімасцей. Пяць разоў давялося садзіцца яму на лаву падсудных у розных гарадах  нашай вобласці. Праўда, апошні прыгавор Хойніцкага раённага суда ад 14 жніўня 2008 года да 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі за крадзёж з хойніцкага магазіна «Спадарожнік» (ТДА «Аніс») касацыйнай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда быў заменены яму на такі ж тэрмін папраўчых работ з вылічэннем 20 % заробку ў даход дзяржавы.



Аднак «хімія» не пайшла на карысць жыхару горада над Дняпром, і «джэнтльмена ўдачы» зноў пацягнула на старое. І зноў месцам здзяйснення злачынстваў сталі Хойнікі. Так, ноччу 16 верасня 2009 года В. Рэбянок разбіў пярэдняе шкло аўтамабіля «Фальксваген», які належыць работніку ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» А.С. Сцепаненку, і выкраў з яго аўтамагнітолу «Соні» коштам 450 тысяч рублёў. Акрамя таго, не пагрэбаваў Рэбянок і дзіцячымі рэчамі, якія супругі Сцепаненкі напярэдадні набылі ў Чарнігаве. Сапраўдным падарункам для злодзея сталі бутэлька гарэлкі,  а таксама пляшка дарагога віна  – так бы мовіць, было чым «абмыць» удалую «справу». Агульны матэрыяльны ўрон пацярпеўшых Сцепаненкаў склаў 1 мільён 163 тысячы рублёў.



Яшчэ праз месяц, а дакладней 12 кастрычніка 2009 года, Рэбянок здзейсніў крадзёж з прыватнага гандлёвага кіёска «Людміла». Дзейнічаў ён нахабна і проста: адагнуў пры дапамозе ломіка і фомкі металічную абшыўку ўваходных дзвярэй і ўскрыў уразны замок. Здабычу рэчыцкага гастралёра на гэты раз склалі тэлевізар «Гарызонт» з пультам дыстанцыйнага кіравання, упакоўка алею «Кум» і сокаў «Садочак», грошы ў суме 30 тысяч рублёў і іншыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, усяго на суму 1 мільён 633 тысячы рублёў.



Аднак гэта была апошняя для Рэбянка ходка «на справу». Літаральна праз некалькі гадзін пасля крадзяжу ў кіёску «Людміла» падазроны аўтамабіль злачынцы затрымалі інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ Хойніцкага РАУС Д.Я. Валяваты і інспектар ІСН А.А. Мельнік, якія і даставілі рэчыцкага гастралёра ў Хойніцкі РАУС.
У ходзе следства Віктар Ігаравіч упарта адмаўляў нават відавочныя факты: маўляў, аўтамагнітолу, якая ўжо была ўстаноўлена ў аўтамабіле «Рэно-лагуна» сужыцельніцы Рэбянка і якую апазнаў па характэрных драпінах сын пацярпеўшага Сцепаненкі, ён быццам бы купіў на рынку ў Рэчыцы ў незнаёмага мужчыны, а інструменты для ўзлому – нажніцы па металу, ломікі і фомкі знайшоў на вуліцы. Аднак пад націскам неабвержных доказаў і даных экспертыз В.І. Рэбянок быў вымушаны прызнацца ў сваіх злачынных дзеяннях.
Суд Хойніцкага раёна прыгаварыў яго да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі строгага рэжыму. А зусім нядаўна гомельскія аператыўнікі раскрылі яшчэ 11 злачынстваў, здзейсненых В.І. Рэбянком. З іх 9 кваліфікуюцца як асабліва цяжкія. Так што зараз злачынцу чакае куды больш суровы прыгавор. Праўду ў народзе кажуць: колькі вяровачцы не віцца, а ўсё адно канец будзе.



М. БАРЫСЕНКА,
намеснік начальніка РАУС, начальнік папярэдняга расследавання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *