ПАВЫСІЦЬ ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ РАБОТЫ МАЛОЧНАЙ ГАЛІНЫ


Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў павысіць у Беларусі эфектыўнасць работы малочнай галіны. Такую задачу ён паставіў, выступаючы 1 лютага на пасяджэнні Савета Міністраў.



Кіраўнік урада нагадаў, што пасля прыняцця рашэння аб рэзкім нарошчванні ў краіне вытворчасці і рэалізацыі малака і малочнай прадукцыі прайшло паўгода. Аднак, на думку Міхаіла Мясніковіча, Міністэрства сельскай гаспадаркі і аблвыканкамы прымаюць недастаткова намаганняў для выканання пастаўленай задачы.
«Да 2015 года трэба выйсці на 10 млн. т вытворчасці малака пры сённяшніх 6 млн. т, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Для Беларусі гэта выгадны бізнес, але неабходны задзелы. Прайшло шэсць месяцаў з таго часу, як было прынята рашэнне аб выхадзе на такія паказчыкі. Што мы маем? Ні Мінсельгасхарч, ні аблвыканкамы, акрамя Мінскага, нічога ў гэтым напрамку канкрэтнага не зрабілі, а вялікае малако проста так не даецца».



На думку Міхаіла Мясніковіча, для развіцця галіны ў краіне патрэбна магутная база: кармы, рэзкае нарошчванне пагалоўя высокапрадукцыйных кароў, сучасныя малочнатаварныя фермы, глыбокая перапрацоўка з шырокім асартыментам высокаліквіднай прадукцыі. «Каб павялічыць у два разы экспарт — такая задача ставіцца, а гэта 6,5 млн. т у пераліку на малако, патрэбны магутныя партнёры з сусветнымі брэндамі, краінавыя стратэгіі, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч. — Аднак акрамя размоў практычных спраў пакуль няма». Кіраўнік урада таксама дадаў: «Каб трымаць амаль 10 працэнтаў сусветнага рынку малочнай прадукцыі, проста эпізадычных паставак недастаткова». Неабходна магутная індустрыя са сваёй лагістыкай, выверанай эканомікай і доўгатэрміновай стратэгіяй. «Не трэба ўпускаць і нацыянальныя інтарэсы, асабліва ў пытаннях цэнаўтварэння як на сыравіну, так і на гатовую прадукцыю, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Трэба працаваць гібка, рэагаваць на сусветную кан’юнктуру, баланс попыту і прапанавання».



БЕЛТА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *