Свята маленькіх чараўнікоў

Культура Образование

Як заўсёды, у канцы мая сваімі талентамі ўразілі самыя маленькія жыхары нашага горада. На сцэне Цэнтра культуры г. Хойнікі прайшоў дзевяты фестываль дзіцячай творчасці «Как прекрасен этот мир». Выхаванцы ўсіх дашкольных устаноў адукацыі прадэманстравалі шматлікія і разнастайныя адценні сваіх талентаў.

У зале традыцыйны для гэтага мерапрыемства аншлаг: усхваляваныя мамы і таты, бадзёрыя бабулі з дзядулямі і гучныя групы падтрымкі з кожнага дзіцячага садка. Штогод мяняецца афармленне сцэны. Але кожны раз гэта надзвычай казачна – арганізатары не шкадуюць каляровых шарыкаў і светлавога аздаблення для нашых маленькіх артыстаў.
Чароўную канву святу дадаюць неверагодныя фантастычныя персанажы – вядучыя фестываля дуэт «Калейдоскоп развлечений». Дзяўчаты не толькі аб’яўлялі выступаючых, але і самі выдатна парадавалі прысутных інтэрактыўнымі выступленнямі. Чаго варты адны дыялогі з залай і сумесныя рухомыя гульні!
Нашы маленькія артысты прыемна здзіўлялі яркімі касцюмамі, танцамі, песнямі і вершамі. Дзяўчынак і хлопчыкаў без перапынку падтрымлівалі гучнымі авацыямі. Як не апладзіраваць, калі бачыш, што дзеткі стараюцца, як блішчаць іх вочы ў час выступлення, і, да слова, ніводны з малышоў не спужаўся вялікай увагі, а ўпэўнена трымаўся на сцэне. Што і казаць, дастойная змена яркім артыстам расце ў нас.
Свята атрымалася прыгожым, па-сяброўску цёплым і душэўным. А як горача сустрэлі ў зале нумар маленькіх прынцэс з Казялужскага сада, якія танцавалі разам са сваімі элегантнымі татамі! Ад выгляду бацькоўскай пяшчоты і дзіцячых усмешак было цяжка стрымаць слёзы замілавання.
Не горш выступілі прыгажунькі з чацвёртага гарадскога садка – малышкі разам з выхавальніцай выканалі нумар «Лялькі-неваляшкі». Звонкія галасочкі таленавітых выхаванцаў санаторнага ясляў-сада, а таксама дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, Казялужскага, Барысаўшчанскага і Веляцінскага дзіцячых садкоў, нібы калакольчыкі, звінелі і радавалі слухачоў. Пацешылі зрок і танцы ў выкананні абаяльных моднікаў і модніц – рабятак з санаторнага ясляў-сада, першага, другога і чацвёртага гарадскіх садзікаў, Стралічаўскага і Судкоўскага садоў. Запамінальным стаў нумар «Медузы» ад выхаванцаў Глінішчанскага садка – малышы з парасонамі быццам ляталі над зямлёй у чароўным блакітным святле.
Пад гукі фінальнай песні на сцэне сабраліся ўсе ўдзельнікі фестывалю, ім ад імя гледачоў і арганізатараў шчыра падзякавала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.В. Назарава. Усе дзіцячыя садкі атрымалі шчодрыя падарункі – салодкасці і спартыўны інвентар.
Асобна ўшанавалі спонсараў мерапрыемства – індывідуальных прадпрымальнікаў С.А. Крысенку, В.С. Шыдлоўскую, Ю.М. Сныткіна, А.М. Шацілу і В.С. Катка. Мецэнатам уручылі заслужаныя падзякі, а глядацкая зала падтрымала гэтых шчодрых людзей апладысментамі.
Ад творчага дуэта «Калейдоскоп развлечений» прымалі прыгожыя падарункі – па кветцы, зробленай з яркіх шарыкаў – самыя маленькія артысты свята, кожнаму з якіх толькі-толькі споўнілася па 3 гады. Прыемна, што ў нашых дашкольных установах да творчасці прыцягваюць з самага ранняга ўзросту.
Фестываль завяршыўся, і нам застаецца чакаць наступнага яркага свята маленькіх, але такіх адораных хайнічан.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *