Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ішла вайна народная


(Працяг. Пачатак у №№ 26, 27).


І вось зноў мы даём заданне сваім сувязным-падпольшчыкам, каб у самыя кароткія тэрміны ўзмацнілі работу ў гэтым напрамку. Была праведзена старанная разведка, даведаліся, калі начальнік гарнізона обер-лейтэнант Фок-Шток павінен адзначаць свой дзень нараджэння. У той дзень і вырашылі вызваліць ад фашысцкага іга югаславаў.  Група партызан на чале з камандзірам узвода Уладзімірам Петухам падышла ў раён вёскі Аўрамаўская і дачакалася зручнага моманту: калі спыніцца п’янка і крыкі “Хайль Гітлер!” Чакалі таксама аднаго з югаслаўскіх таварышаў, які павінен быў назваць пароль.




Да таго часу ў нас ужо была рацыя. Ад сакратара ЦК КПБ П.К. Панамарэнкі паступіла радыёграма: “Неабходна вызваліць югаслаўскіх грамадзян, забраць іх у партызанскі атрад, а мы вам дапаможам зброяй”.



І вось патухла святло ў клубе, а югаслава ўсё не было. Сталі хвалявацца. І раптам ён выходзіць з кватэры – Браніслаў Наўковіч. Партызаны Аляксандр Камарэўскі, Аляксандр Бяспалы, Рыгор Кузьменка і Ігар Харошка пайшлі ўбіраць пасты, якія ахоўвалі штаб, склады з харчаваннем, гаспадарчыя памяшканні. Апошні пост зняў Уладзімір Петух, а я з групай партызан уварваўся ў пакой, дзе размясціліся п’яныя нямецкія афіцэры  і салдаты. Адразу ж абяззброілі іх, звязалі рукі, пастроілі, а затым паднялі ўсіх югаславаў. Далі каманду запрэгчы коней, пагрузіць боепрыпасы, харчаванне, рэчы югаславаў і накіраваліся ў партызанскі лагер, які размяшчаўся за 20 кіламетраў ад чыгункі, недалёка ад вёскі Рашаў.

На месцы югаславы спыталі, што мы будзем рабіць з немцамі, якія стаялі са звязанымі рукамі каля высокага дуба. Я адказаў: “Судзіце сваім судом. Што зарабілі, няхай за тое і адказваюць…” Усе аднагалосна вырашылі, што заваёўнікі заслугоўваюць смяротнай кары.




Да дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (лістапад 1943 года) усе сербскія таварышы змагаліся з  ворагам, актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх аперацыях і за свае баявыя справы атрымалі ад камандавання не адну падзяку.



Мы накармілі нашых новых таварышаў, далі ім адпачыць. Размеркавалі па аддзяленнях і ўзводах і стварылі нацыянальную роту, камандзірам якой быў назначаны Крыклюш Мамчыла, палітруком – Стэфан Врговіч.

Праз некаторы час нам давялося расфарміраваць  роту, бо югаславы дрэнна размаўлялі на рускай мове і зусім дрэнна арыентаваліся ў лесе. Параіўшыся з камісарам атрада Мікалаем Францавічам Снегіром, вырашылі размеркаваць іх па асобных узводах і ротах сярод нашых партызан.




З’яўленне югаславаў у атрадзе садзейнічала развіццю сувязей з мадзьярамі, бо многія з іх ведалі мадзьярскую мову. Складаўся зварот на рускай мове, а затым югаславы перакладалі яго на мадзьярскую.



Сярод югаславаў былі сяляне, рабочыя, служачыя. Як ужо гаварылася, быў урач Аляксандр Барабаш. Аднойчы па дарозе ў атрад, прайшоўшы некалькі кіламетраў па балоце, ён вельмі стаміўся. Давялося ўступіць яму майго каня. Так і дабраліся. Ен адразу ўключыўся ў жыццё партызанскага атрада, аказваў дапамогу параненым партызанам і партызанскім сем’ям, насельніцтву. Быў добрым музыкантам і ў вольны час іграў на скрыпцы, весяліў баявых сяброў.

Пазней наш атрад папоўніўся 35 венгерскімі салдатамі. І стаў інтернацыянальным з прадстаўнікоў 17 нацыянальнасцей. Вельмі добра зарэкамендаваў сябе ў баях за хойніцкую зямлю Гаўры Шыліч. Ен ваяваў у дыверсійным узводзе. Смелы, знаходлівы, са сваімі таварышамі падарваў шэсць эшалонаў праціўніка з жывой сілай і тэхнікай. Пазней з групай югаслаўскіх таварышаў быў самалётам накіраваны за лінію фронта на сваю радзіму. Там, у Новасербскім ваяводстве, Шыліч арганізаваў партызанскі рух і біў немцаў на сваёй зямлі.


(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *