Перамагчы “не хачу» і “не буду”


Чырвонай ніткай праходзіла гэтае пажаданне, выказанае старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар у час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета  з жыхарамі вёскі Клівы ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва на тэму «2011 год – Год прадпрымальнасці».



Асвятляючы тэму, Галіна Віктараўна адзначыла, што збалансаваны эканамічны рост у гэтым годзе можа быць дасягнуты за кошт трох ключавых фактараў: інавацый, інвестыцый і ініцыятывы. Як станоўчы факт адзначыла, што на тэрыторыі гэтага населенага пункта маецца добры прадпрымальны клімат: ініцыятыўныя людзі, зарэгістраваўшы справу, займаюцца вырошчваннем агародніны. Тым самым, паляпшаючы якасць свайго жыцця і рэалізоўваючы прадукцыю, спрыяюць дабрабыту многіх людзей.



Аднак інертнасцю вызначаецца насельніцтва ў правядзенні работ  па добраўпарадкаванню. І датычыць гэта, у першую чаргу, могілак. Гэтае святое месца павінна даглядацца самімі жыхарамі, бо тут знайшлі апошні жыццёвы прытулак іх родныя, блізкія, суседзі. І прыбраць магілкі, высекчы на іх дрэвы, як таго патрабуе Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе», павінны самі вяскоўцы.



Або другі прыклад. Жыхары на сустрэчы прасілі ўбраць несанкцыяніраваную смеццязвалку, але хто ж яе стварыў? Канешне, лягчэй лёгкага выкінуць сюды бытавыя адходы і праігнараваць патрабаванне КЖУП «Хойніцкі камунальнік» наконт заключэння дагавораў на вываз смецця. Паслуга ж гэтая аказваецца за чыста сімвалічную плату.
Прысутныя на сустрэчы даведаліся ад членаў інфарма-цыйна-прапагандысцкай групы многа цікавай і карыснай інфармацыі: аб правілах карыстання газам у быце, аб захаванні супрацьпажарнай бяспекі ў жыллі. А кіраўніцтва раённага вузла электрасувязі пасля заканчэння сустрэчы арганізавала збор заяў ад жадаючых устанавіць у сябе дома інтэрактыўнае тэлебачанне.



Абазначаны былі і вострыя пытанні. На тэрыторыі вёскі Клівы пражываюць 233 чалавекі, з іх 44 нідзе не працуюць. А ўвогуле на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета, да якога адносіцца гэтая вёска, складаная крымінагенная абстаноўка, што з’яўляецца вынікам п’янства сярод насельніцтва. Працвітае і самагонаварэнне – са знойдзенай у раёне супрацоўнікамі РАУС брагі і самагоннай вадкасці пятая частка прыходзіцца на долю гэтага Савета. У саміх  Клівах у загане работа культработніка. Вось чаму традыцыйнае культурнае мерапрыемства, якое звычайна праводзіцца пасля сустрэчы ІПГ з насельніцтвам, арганізавалі для вяскоўцаў самадзейныя артысты з райцэнтра – фальклорны ансамбль «Спадчына» выступіў з цікавым канцэртам.



Гэта была 16-я па ліку сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета дэпутатаў з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў. У ходзе папярэдніх  паступіла 168 пытанняў, якія датычаць жыццезабеспячэння насельніцтва, з іх толькі 8 зараз знаходзяцца на кантролі, астатнія знайшлі вырашэнне.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *