Ад каго крадзем? Ад саміх сябе!


Мільярдныя сродкі затраціла ў мінулым годзе дзяржава на рэканструкцыю нашага гарадскога парка. І, трэба сказаць, такія ўкладанні апраўдалі сябе – сёння парк можна лічыць асноўным упрыгажэннем горада і, як прынята пісаць у турыстычных даведніках, яго сапраўднай жамчужынай. Прамыя, як страла, алеі, вытанчаныя альтанкі, ажурныя агароджы, арыгінальная дзіцячая пляцоўка і амфітэатр, густы травяны дыван газонаў і кветкі, якія зусім хутка будаць радаваць нас сваім буйствам фарбаў.



Усім гэтым можна было б па-сапраўднаму ганарыцца і паказваць гасцям горада, калі б не адна акалічнасць. Не ўмеем мы цаніць сапраўдную прыгажосць, не можам берагчы яе не толькі для сваіх дзяцей, але і для сучаснага пакалення. Маю на ўвазе, канешне ж, не ўсіх хайнічан, аднак факты, ды яшчэ відавочныя – рэч упартая.
Гаворыць майстар гарадскога парка З.П. Лапшына:



– Складваецца ўражанне, што ёсць цэлая ўстойлівая катэгорыя грамадзян, свядомасць якіх настроена толькі на негатыў: пастаянна знішчаюць маладзенькія саджанцы дрэў, дэкаратыўнае кустоўе, сядзенні і аздобу сцэны амфітэатра, тонкія дошчачкі альтанак і масіўныя лаўкі. І ладна, гэта было б выпадкова – чаго ў жыцці не бывае. Дык не, руйнуюць і знішчаюць усё кволае і вытанчанае наўмысна і свядома. Што за людзі?..



Асобная размова пра дзіцячую пляцоўку. Тут таксама разбіта і раскрадзена ўсё, што можна: зніклі ўсе чатыры адзіночныя арэлі, ад іх засталіся адны каркасы. Двайныя арэлі, праўда, засталіся,  бо важкія, зламаны ветракі на маленькіх дэкаратыўных млынках, веснічкі і рамы на альтанках-хатках. Ад каго крадзем? Ад  саміх сябе!
Каля гэтай жа пляцоўкі на ўездзе ў парк для спецтэхнікі рэгулярна здымаюць з петляў вароты, бо брамка для пешаходаў у 30 метрах, маўляў, далёка.
Абурэнне работнікаў парка можна зразумець – горка, калі ігнаруюцца вынікі іх працы. Вось і зараз зусім хутка пачнецца высадка бегоній, руж, клемацісаў (для аплятання альтанак), актынідый, віёл (іх – больш за 14 тысяч штук!), падсадка газоннай травы, туй і кустоўя. Колькі часу яны парадуюць людзей прыгажосцю і водарам, пакуль не вырвуць іх з глебы, не паламаюць нечыя шкадлівыя рукі?



Атрымліваецца, што ў справе захавання прыгажосці і ўтульнасці нашага парка застаецца спадзявацца толькі на органы аховы правапарадку. Кіраўніцтва РАУС паабяцала, што тэрыторыя гарадскога парка будзе пастаянна патрулявацца дзяжурнымі нарадамі ў вячэрні і начны час, паблажак да парушальнікаў не будзе. Вельмі правільна, бо не толькі дабрыня, але і прыгажосць у наш час павінна быць з кулакамі­.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *