З навуковым падыходам


Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС паставіла на парадак дня стварэнне на адчужанай і адселенай тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, сфера дзейнасці калектыву – найбольш пацярпеўшыя ад аварыі Хойніцкі, Брагінскі і Нараўлянскі раёны. Работа вядзецца  па многіх напрамках, навуковая праца вылучаецца ледзь ці не на першы план.



У мінулым годзе падраздзяленні навуковай часці  завяршылі выкананне навуковай бюджэтнай праграмы «Маніторынг кампанентаў наземных і водных экасістэм ПДРЭЗ ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі і зняцця антрапагеннай нагрузкі». Былі апісаны механізмы пераразмеркавання радыенуклідаў у біягеацэнозах, у іхтыафауне, у водных сістэмах, у дамінуючых лясных насаджэннях зоны адчужэння.



Супрацоўнікі-навукоўцы вывучаюць паводзіны паліўных часцінак, адпрацоўваюць методыкі іх колькаснага вызначэння, уласцівасці і ступень раздзялення, праследжваецца дынаміка накаплення цэзію-137 і стронцыю-90 у мышачнай тканцы дзікіх жывёл.



Заалагічнымі і батанічнымі даследаваннямі пацверджаны статус тэрыторыі ПДРЭЗ як запаведнай, асабліва ахоўваемай тэрыторыі згодна з існуючымі крытэрыямі.
У запаведніку зарэгістравана 40 відаў раслін, 6 відаў млекакормячых, 58 відаў птушак, 3 віды земнаводных і паўзуноў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
ПДРЭЗ можа разглядвацца як унікальны рэзерват для захавання біялагічнай разнастайнасці не толькі ў межах Беларусі, але і Еўропы асабліва рэдкіх, знікаючых відаў жывёльнага і расліннага свету.



Па выніках выканання навукова-даследчых работ навуковымі супрацоўнікамі ў перыяд 2006-2010 гадоў апублікаваны 173 навуковыя працы.
За прайшоўшую пяцігодку навуковымі падраздзяленнямі было выканана 15 дагавораў, 10 з якіх менавіта па навуцы на суму 892 мільёны рублёў. Выкананы два міжнародныя праекты па лініі МАГАТЭ і адзін па праграме «Навука для міру і бяспекі Навуковага камітэта НАТА».



Рэалізацыя міжнародных дагавораў і дагавора Саюза Беларусі і Расіі дазволіла аснасціць навуковыя аддзелы і, галоўным чынам, лабараторыю спректраметрыі і радыехіміі сучаснымі радыяаналітычнымі прыборнымі комплексамі. Гэтая лабараторыя сёння вызначае ўвесь спектр чарнобыльскіх радыенуклідаў. Яна акрэдытавана і адносіцца да ліку лепшых лабараторый па гэтаму напрамку ў Рэспубліцы Беларусь. Міжнародныя навуковыя дагаворы таксама дазволілі падтрымліваць і павышаць кваліфікацыю работнікаў навуковай часці. Праведзена за пяцігодку 11 стажыровак у лепшых інстытутах па радыеэкалогіі Украіны і Расіі, ажыццёўлены два візіты ў вядучыя навуковыя цэнтры Украіны і МАГАТЭ.



 Вялікая ўвага ўдзяляецца навуковаму забеспячэнню доследна-эксперыментальнай дзейнасці, якая пачала развівацца з 1995 года згодна з Пратаколам даручэння кіраўніка нашай дзяржавы. Лабараторыяй ажыццяўляецца абследаванне выдзелаў лесу, на якіх плануюцца рубкі догляду за насаджэннямі, а таксама дрэваапрацоўкі, паліўнай драўніны, кармоў, што вырошчваюцца для пагалоўя эксперыментальна заселенага зубра.



Ю. БОНДАР, намеснік дырэктара ПДРЭЗ па навуковай рабоце.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *