Матчын гасцiнец


Дачка Гарпiны з сям’ёй – мужам i двума маленькiмi дзецьмi – жыла ў Хойнiках. Неяк так атрымалася, што яна не паспела выехаць пры першай эвакуацыi. А тут новая бяда: па гораду разнёсся слых, што вось-вось на станцыi зноў «бухне», што вакол не застанецца нiчога жывога ў радыусе трох соцень кiламетраў! Як пацвярджэнне гэтай шакіруючай звесткi, у горад сталi прыбываць аўтобусы – за малымi дзецьмi з мацярамi i школьнiкамi. Яны запаланiлi маленькi гарадок так шчыльна, што памiж iмi можна было толькi  працiснуцца. Дачка паспела пазванiць бацькам у вёску i паведамiць аб тым, што яе разам з дзецьмi зараз павязуць з раёна…



Гарпiна, дазнаўшыся пра гэта ад засопшайся ад бегу суседкi (у той быў тэлефон), вырашыла тут жа ляцець-мчацца ў раён: яна мусiла пабачыцца з дачкой i ўнукамi – мо ў апошнi раз. У чым была на агародзе, яна забегла ў хату – гасцiнцаў па звычцы ўзяць дачцы, унукам. Але ад жудаснай навiны ў яе вылецела ўсё з галавы. Агледзелася: а што ж браць? Зелянiну – нельга, сала-мяса – нельга, бульбу – нельга… У вочы кiнулася вядро яек – iх куры неслi спраўна, як нiколi. У калiдоры стаялi поўненькiмi рэшата i два вядры. Яна схапiла адно вядро i пабегла (былi б крылы – паляцела б) да шашы. Там пачала нястомна махаць рукой, не выпускаючы з другой вядро. Каля яе спынiўся грузавiк, добра што ехаў якраз да раёна.  Яна не памятала, як дабралася да тых Хойнiк, а потым да кватэры, i яшчэ паспела застаць дачку з унукамi. Тыя былi, лiчы, на выхадзе.



– А, мамачка мая! А родненькая! А навошта ж ты прыперла гэтыя яйкi, а куды iх дзяваць, а што ж з iмi рабiць – iх жа нельга есцi!? – плакала дачка, галасiла мацi.
Малыя, абшчаперыўшы бабулю, таксама плакалi, не разумеючы: куды яны так паспяшаюць, чаму плачуць мацi з бабуляй… Похапцам, закрыўшы на ключ дзверы кватэры, пабеглi да аўтобусаў…



Вядро яек так i засталося стаяць пры дзвярах у калiдоры…



Раіса ДЗЕЙКУН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *