Дакументы сведчаць


Рашэннем №161-9 (звужанага пасяджэння) выканкама абласнога Савета народных дэпутатаў аб мерапрыемствах па сумеснай дзейнасці абласных і раённых структур па кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай у вобласці ад 30 красавіка 1986 г. даручана:



— старшыням Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага райвыканкамаў (тав. Обухаў А.І., Пракопаў А.М., Маркоўскі М.М.) у населеных пунктах калгасаў «Першае мая» і «Новае жыццё» Хойніцкага; саўгаса «Пасудава», калгасах імя Леніна і «Ленінскі шлях» Брагінскага; саўгаса «Прыпяць» Нараўлянскага раёнаў:
— арганізаваць кругласутачнае дзяжурства адказных работнікаў у райвыканкаме і сельскіх Саветах;
— прыняць меры па абмежаванню знаходжання насельніцтва, асабліва дзяцей, па-за памяшканнямі;
— паставіць на стойлавае ўтрыманне малочны статак, правесці герметызацыю жывёлагадоўчых памяшканняў;
— правесці герметызацыю калодзежаў з пітной вадой, забараніўшы выкарыстанне вады з адкрытых вадаёмаў;
— забараніць ужыванне малака ад малочнага статка гаспадарак і ўласнай жывёлы насельніцтва на харчаванне, накіраваць яго для перапрацоўкі на Камарынскі малочны завод;
— старшыні Хойніцкага райвыканкама спыніць палявыя работы ў калгасах «Першае мая» і «Новае жыццё»;
— аддзелу аховы здароўя (тав. Раманоўскі А.А.) правесці медыкаментозную прафілактыку 3-працэнтным растворам ёдзістага калію для дарослых і 1-3-працэнтным растворам – для дзяцей па ўзроставай  схеме насельніцтва Радзінскага сельскага Савета Хойніцкага, Калыбанскага сельскага Савета Брагінскага і Даўлядоўскага сельскага Савета Нараўлянскага раёнаў;
— старшыням Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага райвыканкамаў і населеных пунктаў вышэйуказаных сельскіх Саветаў правесці частковую і поўную апрацоўку насельніцтва, мыццё адзення і бялізны;
— накіраваць неабходную колькасць палівамыечных і пажарных аўтамабіляў ва ўказаныя раёны для памыўкі вуліц і плошчаў, грамадскіх будынкаў і памяшканняў, жывёлагадоўчых ферм і жылых дамоў насельніцтва;
-для аператыўнага кіраўніцтва па правядзенню неабходных мерапрыемстваў штабу грамадзянскай абароны вобласці накіраваць у Хойніцкі, Брагінскі і Нараўлянскі раёны адказных работнікаў.


 



4 мая 1986 года прынята рашэнне №165-13 (звужанага пасяджэння) выканкама Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, якое адбывалася ў Хойніках.
У сувязі з тым, што ў шэрагу населеных пунктаў пацярпеўшых ад аварыі раёнаў не адбываецца значнага спаду ўзроўняў радыяцыі вырашана прыступіць да перасялення жыхароў з населеных пунктаў, размешчаных ў 30-кіламетровай зоне ад Чарнобыльскай АЭС, і работу закончыць да 15 мая 1986 г.;
— правесці перасяленне дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў, цяжарных жанчын, пенсіянераў і непрацаздольных грамадзян у піянерскія лагеры і прафілакторыі;
— правесці перасяленне працаздольнага насельніцтва ў населеныя пункты раёнаў, размешчаныя за 50-кіламетровай зонай ЧАЭС. Перасяленню, згодна з пералікам, належалі вёскі Радзінскага і Аравіцкага сельскіх Саветаў: Лясок, Уласы, Чамкоў, Сінцы, Баршчоўка, Масаны, Малочкі, Пагоннае, Краснаселле, Дронькі.


 



8 верасня 1986 г. выдадзена распараджэнне Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў, занятых на работах па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя.
Рашэннем Урадавай камісіі №108 ад 19 жніўня 1986 г. аплата працы работнікаў, занятых у межах 30-кіламетровай зоны, з 16 жніўня па 30 верасня ажыццяўляецца ў адпаведнасці з зонамі небяспекі.


 



Распараджэннем №266-рс ад 5 чэрвеня 1986 г. выканкам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў згадзіўся з прапановамі калектыву работнікаў вытворчага аб’яднання «Гомсельмаш» аб накіраванні 200 тысяч рублёў звышпланавай эканомікі, атрыманай калектывам на працягу двух дзён у 1985 г. на з’эканомленых матэрыялах, сыравіне і паліве, на арганізацыю аздараўлення і адпачынку дзяцей, маці і цяжарных жанчын Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў.


 



21 ліпеня 1986 г. старшыня Гомельскага аблвыканкама А.А. Грахоўскі накіраваў пісьмо старшыні Савета Міністраў БССР М.В. Кавалёву аб выдзяленні неабходных капітальных укладанняў для своечасовага забеспячэння насельніцтва, пераселенага з зоны адчужэння, жыллём у сувязі з тым, што вяртанне насельніцтва ў пункты зоны, асабліва дзяцей, у бліжэйшы час немагчыма.


 


 


2 верасня 1986 г. бюро Гомельскага абкама КПБ і выканкама Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў прыняло пастанову № 276-15/26 «Аб дадатковых мерах па працаўладкаванню, забеспячэнню жыллём і сацыяльна-бытавым абслугоўваннем насельніцтва, эвакуіраванага з населеных пунктаў у сувязі з аварыяй на ЧАЭС, і спагнанню яму матэрыяльнага ўрону».


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *