БЕЛАРУСЬ ТУРЫСТЫЧНАЯ: фестываль Viva Braslav, г. Браслаў, Віцебская вобласць

Беларусь турыстычная Культура

Вольга Барысенка:

– Фестываль уразіў мяне сваёй маштабнасцю, відовішчнасцю, насычанай праграмай, парадавала і выдатнае надвор’е. Ён прайшоў у пяты раз на цэнтральным пляжы Браслава. Летась мерапрыемства ўвайшло ў лік галоўных летніх оўпэн-эйраў Беларусі. Сёлета, па даных з Інтэрнэта, «Viva Braslav» сабраў больш за 20 тысяч гасцей.
Кожны наведвальнік мог лёгка знайсці сабе занятак па душы. Сумаваць не было калі, бо праграма свята спорту і музыкі была распісана літаральна па хвілінах. Выступленні дзі-джэяў, паказальны палёт верталёта з парашутыстамі, матчы па пляжным валейболе і футболе, веласіпедная гонка, афіцыйнае міжнароднае спаборніцтва – кубак Беларусі па вейкборду (гэта экстрэмальны від спорту, які спалучае ў сабе элементы вадналыжнага слалама, акрабатыку і скачкі) і г.д. Прыгожым быў фінал конкурсу Miss Viva Braslav. Першае месца і званне пераможцы, а разам з ім і сертыфікат на 2000 рублёў атрымала Кацярына Дуброўская з Гомеля.
Цікавым быў чэмпіянат па пераносе жонак. Сутнасць спаборніцтва складалася ў тым, што мужчыны з жонкамі на руках, пераадольваючы рознага роду перашкоды, павінны дабрацца да фінішу як мага хутчэй. Удзел у экстрэмальным забегу прынялі 16 сямейных пар. Галоўная ўмова – мінімальная вага жонкі павінна быць не менш за 49 кг.
На працягу ўсяго дня працавалі лунапарк з сучаснымі каруселямі, скаладром і вяровачны гарадок, пракат байдарак, катамаранаў і водных матацыклаў, надзіманыя водныя атракцыёны і аэрастат. Таксама гледачоў чакаў шэраг забаўляльных зон ад партнёраў фестывалю: скачкі з 5-метровай вышкі на аэрападушку і фотазоны, конкурсы з падарункамі, танцавальныя спаборніцтвы і квэсты, жывое стварэнне графіці і нямое кіно.
Амаль суткі госці слухалі вядомых выканаўцаў – IOWA, Макса Барскіх, L’One, Vicetone, Swanky Tunes, Intelligency, «Без білета», Zonderling, Vicetone, Feel і Omnia. З выхадам іх на сцэну танцпол «выбухаў», людзі актыўна танцавалі, апладзіравалі і падпявалі ўсім вядомыя хіты. Было сапраўны вельмі горача.
І канешне, нельга не адзначыць маляўнічае месца – самі Браслаўскія азёры, якія па праву лічацца жамчужынай Беларусі. Прыгажосць неапісальная!
Наогул у гэтым горадзе мноства краявідаў і цікавых мясцін. Да прыкладу, замкавая гара, дарога выканання жаданняў, помнік урачу Станіславу Нарбуту, Свята-Успенская царква, касцёл Нараджэння Дзевы Марыі і г.д. Адлегласць ад Хойнікаў да Браслава вялікая – недзе 570 кіламетраў, але гэты шлях таго каштуе.

Запісала Наталля ЧЭКАН.
Фота В. Барысенка і з сайта Relax.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *