Працавіты і сумленны работнік заўсёды ў пашане

Людзі і лёсы

Перад юнай Аленай пытанне аб выбары месца ў жыцці не паўставала – ужо ў 8-м класе бегала з сястрой на ферму, каб дапамагчы бацькам зарабіць капейку на будаўніцтва дома, якое распачаў тата. Пасля, закончыўшы мясцовую школу (родам яна з вёскі Звяняцкае), не звярнула з абранага шляху, працягвала працаваць даяркай. Цяжкай работы не цуралася, бо добра ўсведамляла, што ад таго, як яна будзе працаваць залежыць заробак. Так і жыла з працы сваіх рук.



Час ішоў, маладая дзяўчына набіралася прафесійнага вопыту, будавала сямейнае шчасце, якое, прынамсі, даўжынёй ужо ў 27 гадоў. І нягледзячы на тое, што жыццёвая сцяжынка не заўсёды была роўная, сустракаліся на ёй камяні нягод і непрыемнасцей, але ж не звярнула Алена Віктараўна з яе, а, наадварот, рабіла ўпэўненыя крокі ў шчаслівую будучыню. І ў яе ўсё атрымалася. Сёння А.В. Сяргеенка – добры прыклад цэнных кадраў КСУП «Веляцін», дзе яна працуе. У тым, што гаспадарка паступова павялічвае вытворчыя паказчыкі, ёсць яе прамая заслуга. Зрэшты, жанчына працуе не дзеля пахвалы, а добрасумленна, з душой. Звычка, калі рабіць – то толькі добра, у яе трывала замацавалася яшчэ з юнацтва. І сёння адказнасць і стараннасць – вызначальныя яе рысы.



За плячыма значны працоўны стаж, амаль 20 гадоў. На працягу гэтага часу заўсёды сур’ёзна ставілася да сваіх абавязкаў, не давала сабе слабінку. Таму і справы ладзіліся і поспех у рабоце спрыяў.



З не зусім зручным раскладам працоўнага дня даўно звыклася – прачынацца з першымі пеўнямі, а класціся спаць, калі зямлю ахутала покрыва глыбокай ночы. Яшчэ і па дому паспявае ўсе гаспадарскія справы зрабіць, сям’і ўвагу ўдзяліць. Разам з мужам, Васіліем Іванавічам, імкнуцца чым могуць дапамагчы сыну Віктару, які ажаніўся і жыве ў Паселічах.



Алена Віктараўна Сяргеенка жыве па прынцыпу народнай прыказкі «Працуй да поту, – пад’ясі ў ахвоту». Таму невыпадкова стала гераіняй замалёўкі, надрукаванай напярэдадні 1 Мая.   



Наталля ЧЭКАН.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *