Ляснік, байкер, паляўнічы… і проста абаяльная жанчына

Людзі і лёсы Экономика

Гэтыя словы пра адну і тую ж прадстаўніцу прыгожага ці, як яшчэ прынята называць, слабага полу чалавецтва. Прыгожай – так, вядома, але слабой – гэта яшчэ пытанне. Такія думкі ўзніклі ў час размовы з лясніком Паселіцкага лясніцтва лясгаса Ганнай Фёдараўнай Івановай. На працягу 17 гадоў працуе яна ў лясной гаспадарцы, але і раней, як на работу, у лес хадзіла. І не толькі свежым паветрам падыхаць і грыбы пашукаць.
Майму здзіўленню не было мяжы, калі далей у сваім расказе пра хобі Ганна Фёдараўна паміж іншым падкрэсліла: «Матацыклы люблю вадзіць, нават усе адпаведныя вадзіцельскія катэгорыі атрымала. Хоць «Харлеем», хоць «Мінскам» кіраваць магу».
Давялося ўдакладняць, бо ад здзіўлення разгубілася. Вось гэта цуда-жанчына! Эх, не пра тых здымаюць фільмы ў Галівудзе!
Жанчына-байкер і сёння здаецца дзівам, а жанчына-паляўнічы (або паляўнічая) – увогуле з разраду відавочнае-неверагоднае. Пасля такога цікавага знаёмства пачала шукаць прыклады на прасторах Інтэрнету. Вось, што выявілася.
Як правіла, жанчына-паляўнічы – гэта дачка прафесіянала-бацькі альбо жонка аматара палявання. Так і супала ў гісторыі Ганны Фёдараўны.
З юнацтва захапляе жанчыну паляванне. Хаця гэты занятак са старажытнасці лічыўся толькі мужчынскім і яшчэ гадоў 20 таму дама на паляванні – даволі рэдкая з’ява. А тут так пашчасціла сустрэць ў адной асобе і паляўнічага, і рыбака са стажам.
Да гэтых заняткаў далучыў дзяўчыну бацька Фёдар Ягоравіч, а пасля замацаваў азарт і прагу да здабывання любімы мужчына – муж Мікалай Мікалаевіч. За ім прыехала жанчына на Хойнікшчыну, сама ж нарадзілася і вырасла ў вёсцы Скрыпліца Кіраўскага раёна, што на Магілёўшчыне.
Дарэчы, у нашым раёне, згодна з інфармацыяй раённай арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў, усяго тры жанчыны зарэгістраваны як рыбакі-аматары. А вось дазвол на паляванне і валоданне грамадзянскай зброяй, якія кантралююць у раённым аддзеле ўнутраных спраў, мае адзіная жыхарка Хойнікшчыны. Якраз Ганна Фёдараўна Іванова!
Для атрымання такога пасведчання ёй спатрэбілася здаваць сапраўдны іспыт, толькі пасля гэтага ў галоўным органе – унітарным прадпрыемстве «Белдзяржпаляванне» – выпісалі афіцыйны дазвол на паляванне.
У любую вольную хвіліну імкнецца падыхаць лесам Ганна Фёдараўна. У выхадны з самага рання апранаецца ў касцюм колеру хакі і, не чакаючы кампаніі, рушыць на паляванне. А рыбу як ловіць! Нават на конкурсе, арганізаваным лясгасам, сярод рыбакоў, у большасці мужчын, заняла трэцяе месца. Кажа, у той дзень не вельмі шанцавала з уловам.
Каб родным не надакучылі рыбныя прысмакі, пасля паспяховага палявання гатуе дзіка, напрыклад. На мой пратэст, маўляў, у іх жа мяса цвёрдае і гумавае, нібы падэшва старых ботаў, Ганна Фёдараўна мудра адказвае: трэба ўмець яго гатаваць. Пасля некалькіх гадзін у печы мяса атрымліваецца такое мяккае, што гасцей ад яго за вушы не адцягнуць. Для цікаўных паляўнічых гаспадыня нават рэцэпт раскрывае.
Такая жанчына валодае годнымі рысамі характару і адвагай, якіх часам не хапае многім мужчынам у паўсядзённым жыцці. Акрамя гэтага, трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку, навыкі ў стральбе.
Але не толькі «мужчынскія» хобі паважае Ганна Фёдараўна. Яна любіць шыць, захапляецца вырошчваннем кветак. Калі яркімі раслінамі засадзіла ўвесь свой прысядзібны ўчастак у пасёлку Акцябр, перайшла да добраўпарадкавання рабочай прасторы. Усе клумбы на тэрыторыі Паселіцкага лясніцтва зіхацяць квітнеючай прыгажосцю – таксама справа рук спадарыні Івановай.
Успомніўся цікавы факт. Калісьці ў Японіі традыцыя не дазваляла нават размаўляць з жанчынай перад выхадам на паляванне, гэта магло прынесці няўдачу, і размовы не йшло пра тое, каб узяць яе з сабой. Але сёння ўсё забабоны пакінуты ў мінулым, і сустрэць японку са стрэльбай у лесе – звычайная справа, і гэта не захапленне, а жыццёвая неабходнасць накарміць сям’ю.
Як той казаў, не прывядзі, Божа! Няхай нашы жанчыны не становяцца паляўнічымі дзеля таго, каб пракарміць сям’ю, хай гэта будзе ўсяго толькі захапленне.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *