Назаўсёды ў сэрцах


Для мільёнаў людзей гэты дзень з самай кароткай ноччу года трывала асацыіруецца з пачаткам невыносных пакут, гора і слёз. Роўна сем дзесяцігоддзяў таму назад на ўсёй заходняй граніцы СССР, ад Балтыкі да Чорнага мора, ранішнюю цішыню і спакой людзей прарэзалі гул авіяцыйных матораў, ашалелы свіст падаючых бомб і чорныя вогненныя выбухі. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая стала самай жорсткай і кровапралітнай у нашай гісторыі.



Уласна, другая сусветная вайна пачалася яшчэ раней  –1 верасня 1939 года. За гэты час войскі вермахта пакарылі амаль усю Еўропу – усяго некалькі дзён спатрэбілася ім для перамогі над Польшчай, Бельгіяй, Галандыяй і Люксембургам, Даніяй і Нарвегіяй, толькі крыху больш тыдня хапіла на супраціўленне Францыі. Яшчэ раней адбыўся аншлюс Аўстрыі, без бою здалі ўрады Англіі і Францыі на                 разарванне агрэсару безабаронную Чэхаславакію. Карычневы цень навіс над усім еўрапейскім кантынентам. Ап’янелыя гэтымі перамогамі гітлераўскія стратэгі разлічвалі на такі ж хуткі маланкавы поспех і ў вайне з СССР, нездарма паміж сабой будучую ўсходнюю кампанію яны называлі не іначай як «бліцкрыг» – вокамгненная вайна. Узброеныя самай сучаснай баявой і стралковай тэхнікай нямецкія матарызаваныя пяхотныя і танкавыя дывізіі, аснашчаныя першакласнымі баявымі самалётамі палкі «люфтваффе» – вось з якім моцным, мацёрым і лютым ворагам давялося сутыкнуцца аслабленай рэпрэсіямі камсастава і яўна зацягнутым пераўзбраеннем Чырвонай Арміі.



Аднак мы былі моцныя іншым – стойкасцю баявога духа нашага салдата, усведамленнем справядлівасці гэтай вайны з нашага боку, неадольнай верай у перамогу. Адной з першых сустрэла варожыя полчышчы наша Беларусь. Сёння ўвесь свет ведае аб стойкасці герояў Брэсцкай крэпасці, абаронцаў Гомеля і Магілёва, подзвігах беларускіх партызан, якія пачалі аб’ядноўвацца ў атрады і злучэнні ў першыя ж дні вайны. Салдатамі ў той час сталі ўсе: настаўнікі і медыкі, студэнты і іх выкладчыкі, рабочыя і інжынеры, іншыя мірныя жыхары беларускіх гарадоў і вёсак. Пагэтаму мы і выстаялі, што ўвесь народ узняўся на барацьбу з акупантамі.



Гэта потым былі дасягнуты перамогі пад сценамі Масквы і ў непакораным Сталінградзе, вызначыўся карэнны пералом ходу вайны ў бітве на вогненнай Курскай дузе, адбыўся прарыў 900-дзённай блакады Ленінграда і пачалося пераможнае шэсце савецкіх войск па вызваляемых краінах заняволенай Еўропы. І ўсё ж свой старт гэтая своеасаблівая эстафета мужнасці і гераізму ўзяла ад бессмяротных сцен брэсцкай цытадэлі ў тыя самыя першыя цяжкія, суровыя і гераічныя дні.



Ідуць гады, на змену аднаму пакаленню прыходзіць іншае, якое змяняюць яшчэ больш маладыя нашчадкі. Але нязменнай застаецца адна задача – назаўсёды захаваць памяць аб тых, хто змагаўся і загінуў на франтах Вялікай Айчыннай, хто цаной свайго жыцця набліжаў Вялікую Перамогу.
Вечная ім слава і памяць! 



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *