На карысць усім нам

Добраўпарадкаванне

Як ужо паведамлялася раней, распараджэннем старшыні Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта № 226-Р ад 25 верасня 2017 г. з 2 кастрычніка па 2 лістапада аб’яўлены месячнік па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторыі раёна. Падрабязней аб яго мэтах і задачах, а таксама мерапрыемствах, якія запланавана правесці ў рамках месячніка, расказвае намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Паўлавіч ГУРА.
– Кожнаму з нас прыемна жыць ва ўтульнай і камфортнай кватэры, хадзіць па чыстых і прыбраных вуліцах і плошчах, любавацца кветкамі і зялёнымі насаджэннямі. Для таго, каб усё гэта стала рэальнасцю, трэба, як кажуць у народзе, і «рукі прыкласці». Так, ёсць для гэтага спецыялізаваныя арганізацыі і прадпрыемствы, і робяць яны ўсё, што ў іх сілах і магчымасцях. Але ці заўсёды хапае іх працы і намаганняў для таго, каб наш горад і сельскія населеныя пункты сталі па-сапраўднаму ўтульнымі і камфортнымі для жыцця? Мяркую, што без дапамогі ў іх рабоце іншых прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама насельніцтва, цяжка будзе атрымаць станоўчы адказ на гэтае пытанне.
З другога боку, навесці парадак на тэрыторыі свайго прадпрыемства і каля яго, навокал свайго індывідуальнага дома, альбо шматпавярхоўкі не складае асаблівых цяжкасцей і матэрыяльных затрат – было б толькі жаданне. Таму і хацелася б звярнуцца да ўсіх жыхароў горада і раёна з просьбай прыняць самы актыўны ўдзел у правядзенні месячніка і яго мерапрыемствах – паверце, гэта пойдзе толькі на карысць усім нам і дапаможа зрабіць наш горад яшчэ больш чыстым і прыгожым.
Што датычыць непасрэдна распрацаваных мерапрыемстваў месячніка па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторыі раёна, то на гэты раз асноўная ўвага будзе звернута на навядзенне належнага парадку ў гаражных масівах па вуліцах Тургенева і Партызанскай, акультурванне існуючых у гарадской мяжы пустак, высяканне дзікага кустоўя, выдаленне сухіх галін у кронах дрэў і пасадка маладых дрэўцаў, а таксама на многія іншыя пытанні.
У распрацаваным раённым штабам па правядзенню месячніка плане мерапрыемстваў за канкрэтнымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі замацаваны канкрэтныя тэрыторыі горада, а іх кіраўнікам даручана арганізаваць работу па выкананню ўсіх даведзеных заданняў.
У сельскай мясцовасці асноўнымі аб’ектамі па правядзенню месячніка стануць сельскія могілкі (яны будуць тым болей дарэчы таму, што хутка будзем адзначаць дзень памяці продкаў – восеньскія Дзяды), аб’екты сельгасвытворчасці – малочнатаварныя фермы, машынна-трактарныя паркі, тэрыторыі аб’ектаў сацкультбыту, вуліцы населеных пунктаў.
Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне тэрыторыі раёна – справа агульная, і поспеху ў ёй можна дабіцца толькі агульнымі намаганнямі. Вельмі хацелася б, каб гэтую простую ісціну разумелі ўсе жыхары нашага горада і раёна і прынялі самы актыўны ўдзел у правядзенні месячніка.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *