Беларусь турыстычная: Жыровічы, Слонім, Сынковічы

Беларусь турыстычная

Расказвае Ігар Сабадаш:
– Ездзіў на экскурсію я з калектывам запаведніка. Яна была арганізавана для работнікаў і іх родзічаў. Дабіраліся на аўтобусе – у дарозе (у адзін бок) правялі шэсць гадзін. Уражанні ад паездкі перапаўняюць мяне. Змог даведацца аб цікавых момантах гісторыі і культуры нашай краіны, убачыў памятныя мясціны і неверагоднай прыгажосці храму і збудаванні. Але галоўнае – адпачыў душой. Там такая атмасфера!
Мы пабывалі на тэрыторыі найбуйнейшага ў Беларусі праваслаўнага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, дзе захоўваецца ікона – нерукатворны вобраз Маці Божай. Манастыр уключае ў сябе Свята-Успенскі сабор, Яўленскую, Крыжаўзвіжанскую, Георгіеўскую і Нікольскую цэрквы, жылыя карпусы і гаспадарчыя пабудовы, а таксама могілкі, дзе пахаваны настаяцелі і духоўнікі. Дарэчы, экскурсію нам праводзіў наш зямляк – Іван Бойдак – юнак з Малішава, які зараз навучаецца ў Мінскай духоўнай семінарыі, што ў Жыровічах.
Калі гаварыць пра Слонім, то можна адзначыць, што ўвесь архітэктурны ансамбль горада разам узяты ўяўляе вялікую цікавасць для падарожнікаў. Асноўныя славутасці – касцёл Святога Апостала Андрэя і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Траецкі сабор, Спаса-Праабражэнскі сабор, сінагога. І кожная па-свойму прывабная. Акрамя таго, мы пабывалі ў раённым краязнаўчым музей, фонд якога ўключае ў сябе больш за дваццаць тысяч экспанатаў, сярод якіх ёсць вельмі рэдкія і ўнікальныя.
Царква-крэпасць у Сынковічах – адна з нямногіх абарончага тыпу, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Гэта помнік, у якім мастацкія плыні Захаду (готыка) і Усходу (традыцыі візантыйскай архітэктуры) зліліся ў адзіны ансамбль. Царква з паўтарамятровымі цаглянымі сценамі, вежамі і байніцамі нагадвае старажытны замак. Выглядае велічна. Да слова, сёлета ў верасні яна адзначыла свой 610-гадовы юбілей.
Безумоўна, расказваць аб кожным з аб’ектаў нашага наведвання можна гадзінамі. З кожным з іх звязана мноства захапляючых гістарычных фактаў і нават цудаў. Камяні, іконы, капліцы – ва ўсім крыецца вялікі сэнс. І гэта варта ўбачыць, адчуць самому.
Я скарыстаўся магчымасцю і акунуўся ў дзвюх святых крыніцах, а таксама назапасіўся святой вадой. Лічыцца, што яна валодае гаючай уласцівасцю. Прызнаюся, захоплівала дух падчас акунання.
У гэтых месцах нават думаецца па-іншаму, здаецца, адступаюць нягоды, трывогі. Спакойна і мірна становіцца на душы…

Запісала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *