На «пчалінай паляне»

Людзі і лёсы

Да таго, як ушчыльную заняцца пчалярствам Сяргей Алегавіч Таўкач (на здымку) усё жыццё працаваў з тэхнікай. Ён, карэнны жыхар абласнога цэнтра, скончыў Гомельскае ПТВ № 6 па спецыяльнасці «наладчык электронных сістэм» і апошнія гады ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка займаўся электратэхнічнымі паслугамі для арганізацый і насельніцтва – у асноўным, мантажом, наладкай і тэхнічным абслугоўваннем сістэм відэаназірання і спутнікавага тэлебачання.
Але, па яго шчыраму прызнанню, яго заўсёды цягнула да пчол. Напэўна, спрацаваў той факт, што адзін з яго прадзедаў таксама некалі быў пчаляром, а гены ж заўсёды і ў любым пакаленні дадуць аб сабе ведаць.
Здарылася так, што застаўся пустым бацькоўскі дом жонкі Людмілы Аляксандраўны ў нашым Судкове. І хаця сям’я ў той час ужо жыла ў сваёй кватэры ў Гомелі, вырашылі аднавіць бацькоўскае селішча, ды і прысядзібны ўчастак – таксама выдатная дапамога для сямейнага бюджэту.
Тры гады Сяргей Алегавіч сам клаў падлогу, аднаўляў столь, у адзіночку выконваў усе цяслярскія і будаўнічыя работы, клаў рускую печ. Сёння ў гэты белы дом пад чырвоным металачарапічным дахам па вул. Заслонава, 4 у аграгарадку Судкова прыемна зайсці: утульна, камфортна, прыгожа.
А пад самымі вокнамі, што выходзяць на прысядзібны ўчастак, размясцілася пасека з 50 вулляў. Пачынаў жа будучы пчаляр усяго толькі з 3 пчаліных сем’яў. Трэба сказаць, што да здзяйснення сваёй мары, якая набыла акрэсленыя рысы пасля засялення ва ўласны дом у Судкове, ён рыхтаваўся сур’ёзна і грунтоўна. Перачытаў мноства кніг па пчалярству, прычым перавагу аддаваў выданням 50-60 гадоў мінулага стагоддзя – менавіта ў іх больш падрабязна, даступна і зразумела расказвалася аб усіх аспектах і пытаннях пчалярства. Якаснай тэарэтычнай падрыхтоўцы паспрыяла і вывучэнне справаздач аб выніках сваёй работы за год спецыялізаваных дзяржаўных пчалярскіх гаспадарак, якія таксама ўдалося адшукаць у Інтэрнэце.
Ад тэорыі перайшоў да практыкі і пачаў з тых самых трох пчоласем’яў на прысядзібным участку. Потым колькасць вулляў толькі расла, і ў 2016 годзе С.А. Таўкач дакументальна аформіў статус сялянскай фермерскай гаспадаркі пад цёплай і прыгожай назвай «Пчаліная паляна». У тым жа годзе атрымаў дакументы на пажыццёва -спадчыннае карыстанне 32 гектарамі зямлі на ўчастку паміж Судковам і Храпкавам.
Акурат, як і сцвярджае вядомая прымаўка, першы блін атрымаўся камяком: пасеяны на гэтым месцы доннік (трава-меданос) амаль не ўзыйшоў. Справа ў тым, што такога роду травы не любяць прысутнасці ў глебе азотных угнаенняў. Раней жа на гэтым самым месцы вырошчваліся сельгаскультуры, якім для росту і развіцця мінеральныя тукі былі неабходныя.
Потым пасеялі іншы меданос – фацэлію. Гэтая расліна менш патрабавальная да ўмоў вырошчвання, але і яе ўраджайнасць таксама была далёкай ад пажаданага. І тады, для таго, каб ачысціць глебу і павысіць яе ўрадлівасць, фермер вырашыў высадзіць тут алейную рэдзьку – выдатную расліну-седзерат.
На будучы год фацэлія зойме на гэтай зямлі ўсю плошчу, а значыць, можна разлічваць на добры медазбор. У гэтым жа годзе ён склаў прыкладна 0,7 тоны (па 14 кг ад кожнай пчалінай сям’і), і з яго рэалізацыяй праблем не ўзнікла. Хаця магчымасці будучай пасекі намнога большыя. Напрыклад, у 2014 годзе толькі з прысядзібнага ўчастка С.А. Таўкач атрымаў 1,5 т мёду. А тут – цэлых 32 гектары!
Мёд чысты па ўсіх санітарна-гігіенічных паказчыках – гэта пацвярджаюць даныя адпаведных праверак і аналізаў у абласным Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Без гэтых дакументаў і без сертыфіката якасці рэалізоўваць мёд на продаж нельга. Між іншым, Сяргей Алегавіч падкрэслівае, што беларускія стандарты якасці ў прадукцыі пчалярства – адны з самых строгіх і жорсткіх на постсавецкай прасторы.
Нягледзячы на тое, што на вуліцы ўжо выпаў снег, і пчолы даўно ў вуллях, клопатаў у С.А Таўкача хапае. А на год будучы ён ускладвае пэўныя, падмацаваныя уласнай працай і ўласнымі ведамі, надзеі. Нарэшце павінна ачысціцца зямля і прынясе аптымальную аддачу фацэлія, а за год яе можна высяваць двойчы. Напэўна, павялічыцца колькасць пчоласем’яў – Сяргей Алегавіч сам займаецца развядзеннем матак пчол і робіць гэта небезпаспяхова. Адным словам бачна, што за справу 40-гадовы фермер узяўся грунтоўна і ўсур’ёз. А калі чалавек настойліва, метадычна і з вялікім жаданнем займаецца ўвасабленнем у жыццё сваёй запаветнай мары, поспех несумненна павінен прыйсці.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *