У стылі “брэменскіх музыкантаў”

Спорт

Брэменскі «Вердэр» як у першынстве нямецкай бундэслігі, так і на міжнароднай арэне мае рэпутацыю надзвычай выніковай і бескампраміснай каманды. Нават у тых матчах, у якіх «брэменскія музыканты» (такое прозвішча атрымалі футбалісты з поўначы Германіі) церпяць паражэнне або гуляюць ўнічыю, яны рэдка забіваюць менш 2-3 галоў. Нешта падобнае ў першынстве Гомельскай вобласці сярод каманд другога дывізіёна дэманструюць сёння і футбалісты нашага раёна.



Нагадаем, што ў папярэдняй гульні гэтага турніру хайнічане пацярпелі выніковае паражэнне ў Жыткавічах ад «Нівы» (6:3), а ў мінулую суботу задаволіліся такой жа выніковай нічыёй у Петрыкаве – 4:4. Такім чынам, наша каманда ў дзвюх сустрэчах 7 разоў паразіла вароты сапернікаў, але пры гэтым задаволілася толькі адзіным ачковым набыццём.
Сустрэчу ў горадзе над Прыпяццю нашы землякі пачалі з мяча, прапушчанага ў свае вароты ўжо на першых мінутах гульні. Аднак на перапынак каманды пайшлі пры перавазе хайнічан (2:1), у якіх трапнымі стрэламі двойчы адзначыўся Дзяніс Раманоўскі.



Але ў дэбюце другога тайма надышла чарга двойчы радавацца гаспадарам поля, і яны павялі з лікам 3:2. І ўсё ж каноны драматургіі ў гэтым захапляючым паядынку былі зусім яшчэ не вычарпаны і спачатку неўтаймаваны Дзяніс Раманоўскі аднавіў раўнавагу ў ліку, зафіксаваўшы на сваім рахунку галявы хет-трык. А потым Дзяніс Сацура другі раз у гэтым матчы вывеў хайнічан наперад – 4:3.



Толькі кропку ў гэтым мудрагелістым сюжэце паставілі ўсё ж футбалісты з Петрыкава. Незадоўга да фінальнага свістка галкіпер хайнічан Аляксандр Гарбаты, ліквідуючы небяспечную атаку сапернікаў, згуляў рукой за межамі ўласнай штрафной (адзін да аднаго, як Гутар у нядзельным паядынку БАТЭ і мінскага «Дынама»), за што і быў выдалены з поля. А расплата ў выглядзе гола з прызначанага штрафнога была неадкладнай – 4:4.
Заўтра хайнічане павінны прымаць на сваім полі лідэраў турніру – каманду Ельска.


 


Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *