Пабольш бы такіх сем’яў!


Кожны новы працоўны дзень у сям’і Міненкаў з вёскі Грачыхіна пачынаецца рана, яшчэ з першымі промнямі сонейка. Гэтага патрабуе і іх немалая ўласная гаспадарка і жывёла, якая чакае догляду на ферме, што размясцілася на месцы былога птушніка. На ўласным падворку ў гэтыя, прахладныя раніцай, вераснёўскія гадзіны Алена Валянцінаўна і Андрэй Міхайлавіч у першую чаргу спяшаюцца да сваіх кармільцаў – дзвюх дойных кароў і рабацягі-коніка. Пасля таго, як кароў падаілі, пакармілі і накіравалі на выган, пояць і кормяць каня, а потым надыходзіць чарга больш дробнай жыўнасці – свіней, качак і кур.



На ферме, у чаканні ранішняга кармлення, ужо нецярпліва рохкаюць 45 свінаматак з ружовымі парсючкамі, гэтак жа перамінаюцца і 117 бычкоў на адкорме. Фармальна лічыцца, што свіней даглядае гаспадыня, а за бычкоў адказны Андрэй Міхайлавіч, але, як расказала Алена Валянцінаўна, усё гэта ўмоўнасці, бо з усімі справамі як па ферме, так і дома муж і жонка Міненкі спраўляюцца разам.



Так павялося ў іх дружнай і працавітай сям’і яшчэ з самых першых дзён яе стварэння ў 1995 годзе. Алена Валянцінаўна нарадзілася ў Слабажанцы, яе будучы муж – у суседнім Загаллі, потым працавалі ў адным калгасе – «Бальшавіцкая перамога», які з бегам часу стаў сельгаспрадпрыемствам «Грачыхіна». У гэтай гаспадарцы, якая пасля ўсіх пераўтварэнняў канчаткова ўвайшла ў склад сельгаспрадпрыемства імя Мележа, А.В. Міненка паспела папрацаваць і ў паляводчай брыгадзе, і на ранейшым птушніку, і з цялятамі ўсіх узростаў. Андрэй Міхайлавіч таксама ўсё сваё свядомае жыццё быў заняты ў жывёлагадоўлі, неаднаразова прызнаваўся лепшым аператарам на адкорме, а ў 2009 годзе нават атрымаў рэспубліканскую прэмію за выдатныя вынікі ў рабоце.



Падрастаюць і з самага ранняга дзяцінства далучаюцца да сялянскай працы дачка Крысціна і сын Андрэй, якія з’яўляюцца першымі памочнікамі бацькоў. Зрэшты, іншых ім і не патрэбна, бо з усімі клопатамі сям’я спраўляецца ўласнымі сіламі. А спраў, дарэчы, у гэтым годзе прыбавілася: сям’я Міненкаў, якая да гэтага жыла ў Слабажанцы, купіла ўласны дом у Грачыхіне і ўвесь вольны час забіраюць рамонтныя работы, з якімі стараюцца справіцца да надыходу халадоў.
Нямала часу патрабуюць сад і агарод, дзе добрым ураджаем радуюць не толькі традыцыйныя бульба, памідоры, буракі і агуркі, але і знайшлося месца пышным кветкавым клумбам – плады работы клапатлівых рук маці і дачкі.



А вось захапленні мужчынскай паловы гэтай сям’і – грыбы і рыбалка, якім у аднолькавай ступені адданыя і старэйшы Андрэй Міхайлавіч, і малодшы Андрэй Андрэевіч.
Ведаю, што і сённяшні нумар нашай газеты паштальён прынясе ў паштовую скрынку гэтага дома – аб тым, што сям’я Міненкаў даўно сябруе з раёнкай і выпісвае яе ўжо не першы год, расказала сама Алена Валянцінаўна. Таму, як старым і добрым нашым сябрам, жадаем гэтай працавітай і дружнай сям’і, каб у яе ўсё атрымалася. Пабольш бы такіх сем’яў!



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *