На асабістую і агульную карысць


Прадпрымальніцтва – перспектыўная справа, эканамічныя інтарэсы якой поўнасцю супадаюць з дзяржаўнымі. Адкрыццё кожнага новага прадпрыемства ў раёне – гэта значны крок у яго развіцці. Ствараюцца новыя рабочыя месцы, маецца магчымасць павышэння кваліфікацыі працуючых, узмацняецца іміджавая прывабнасць рэгіёна, ёсць перспектыва росту даходаў насельніцтва.



Мясцовая выканаўчая ўлада стварае ўсе ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва на Хойнікшчыне. Так, у мінулым годзе створана 13 новых прадпрыемстваў – па 3 вытворчых, сялянска-фермерскіх, па аказанню паслуг, адно будаўнічае, СТА, 2 аб’екты гандлю. Па стану на 1 жніўня 2011 года з’явілася 8 новых прыватных прадпрыемстваў, з іх 3 аб’екты гандлю, 2 жыллёва-будаўнічыя кааператывы, 1 па аказанню паслуг і 2 па дрэваапрацоўцы.



Катэгорыяй уноўствораных арганізацый заплачана ў 2010 годзе ў бюджэт 210,2 млн. руб., за 7 месяцаў сёлета – 138,7 млн., што складае адпаведна 1,3 і 1,1% ад аб’ёму плацяжоў, якія паступілі ў бюджэт раёна.



У рамках Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва створаны неабходныя ўмовы і магчымасці, каб беспрацоўныя грамадзяне раскрылі прадпрымальніцкія здольнасці. Так, па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама за 2010 год 9 беспрацоўным прадастаўлены бязвыплатныя субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці на суму 27 млн. 613 тыс. руб. За прайшоўшы перыяд сёлета такая дзяржаўная падтрымка аказана 5 фізічным асобам на суму 20 млн. 370 тыс. руб. У большай ступені пачынаючыя прадпрымальнікі выбіраюць рознічны гандаль, але запатрабаванымі з’яўляюцца аўтамабільныя перавозкі пасажыраў, рамонт машын і абутку. З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці беспрацоўных на рынку працы на прафесійную падрыхтоўку накіравана 19 чалавек, завяршылі навучанне па запатрабаваных прафесіях, па спецыяльнасці повара, машыніста крана, муляра, аператара газавай кацельні 17 чалавек. На гэтыя мэты затрачана 25 млн. 700 тыс. руб. сродкаў фонду сацыяльнай занятасці насельніцтва.



Вялікія магчымасці для праяўлення дзелавой ініцыятывы прадастаўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  «Аб некаторых мерах па прыцягненню ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці». У нашым раёне за 2010 год і 7 месяцаў сёлета прададзены 43 невыкарыстоўваемыя аб’екты раённай камунальнай уласнасці. Такія меры дазваляюць не толькі папоўніць дзяржаўную казну, стварыць трывалы фундамент для развіцця бізнесу, але і задзейнічаць дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца.



Але стварыўшы спрыяльныя ўмовы для бізнесу, дзяржава чакае ад яго сустрэчных крокаў. Прадпрымальнікі павінны выконваць заканадаўства, уплачваць поўнасцю падаткі, быць сацыяльна адказнымі. Менавіта пры такім падыходзе на справе будзе эфектыўна рэалізоўвацца дзяржаўна-прыватнае партнёрства, якое садзейнічае росту дабрабыту насельніцтва і дынамічнаму развіццю краіны.



У Год прадпрымальнасці патрэбна зразумець, што дабрабыт грамадзян залежыць не толькі ад дзяржавы, але, у першую чаргу, ад уласнай дзелавой ініцыятывы, творчага падыходу да сваіх абавязкаў незалежна ад віду і формы арганізацыі, дзе яны працуюць.



Тым, хто хоча адкрыць сваю справу, за кансультацыямі можна звяртацца ў аддзел эканомікі райвыканкама. Па пытаннях падаткаабкладання праінфармуе падатковая інспекцыя. Жадаючыя пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць з ліку беспрацоўных могуць звяртацца ў сектар занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.



Т. ДЗЕМЧАНКА, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.
С. КУШНЕР, загадчык сектара ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *