Золата адносін

Людзі і лёсы

Лёс мужа і жонкі Энрыкаса Станіслававіча і Марыі Васільеўны Скрыпскіс  – гэта гісторыя аб тым, як два чалавекі, якія нарадзіліся ў розных кутках некалі велізарнага Савецкага Саюза, знайшлі адзін аднаго, стварылі сям’ю і вось ужо 50 гадоў разам крочаць па жыцці. Яна нарадзілася ў беларускай глыбінцы, ён – у Літве.



Дзіця вайны, Марыя Васільеўна з’явілася на свет уцяжкім 1942 годзе. Закончыўшы першую гарадскую сярэднюю школу, по поклічу сэрца паехала на асваенне цаліны. Вучылася ў вучылішчы будаўнікоў горада Сяміпалацінска, затым яе групу накіравалі на працу ў Петрапаўлаўск Паўночна-Казахстанскай вобласці. Сюды ж прыбыў з групай землякоў і Энрыкас Станіслававіч. У красавіку 1961 года,  на  ўрачыстым сходзе, прысвечаным палёту Ю. Гагарына ў космас, сярод мноства прывабных дзяўчат ён адразу прыкмеціў Марыю і назаўсёды аддаў ёй сваё сэрца.



Іх раман быў яркім і імклівым – 2 верасня маладыя  заключылі шлюбны саюз. Пачалося сямейнае жыццё, добрая частка яго прайшла ў Казахстане. Тут Марыя Васільеўна закончыла Паўладарскі малочны тэхнікум, набыла спецыяльнасць бухгалтара, а затым Какчэтаўскі філіял Цалінаградскага сельгасінстытута. Вызначалася актыўнасцю ў грамадскім жыцці – была парторгам і прафоргам па месцу працы. Такой жа актыўнай з’яўляецца і зараз, узначальваючы пярвічную ветэранскую арганізацыю  цэнтра банкаўскіх паслуг ААБ «Беларусбанк», дзе ў свой час працавала.



Пасля вядомасумных падзей, калі ў Казахстане адбываліся міжнацыянальныя канфлікты, сям’я Скрыпскіс, як многія, вырашыла змяніць месца жыхарства. Гэта было вельмі балюча – ірваць з коранем тое, да чаго прывыклі, страчваць сяброў.



Прыехалі на радзіму жонкі – у вёску Казялужжа. Марыя Васільеўна працавала ў былым саўгасе «Хойніцкі» дыспетчарам, Энрыкас Станіслававіч – у механізацыі, пайшоў на пенсію з пасады галоўнага інжынера гаспадаркі. Абодва ўзнагароджаны медалямі за асваенне цалінных зямель.



Аднавяскоўцы залатых юбіляраў цэняць і любяць. Тыя ж, у сваю чаргу, адзначаюць, што такіх ветлівых, чулых, добразычлівых людзей, як у Беларусі, напэўна, нідзе няма.
У інтэрнацыянальнай сям’і Скрыпскіс двое дзяцей. Дачка Святлана са сваёй сям’ёй жыве ў Германіі, сын Дзмітрый – побач з бацькамі, працуе лесніком Казялужскага лясніцтва. Іх бацькі маюць трох унукаў, дачакаліся таксама трох праўнукаў.



Гледзячы на такіх выдатных ва ўсіх сэнсах залатых юбіляраў, заўсёды хочацца даведацца пра сакрэты сямейнага шчасця. Марыя Васільеўна і Энрыкас Станіслававіч лічаць, што галоўнае – ва ўсім адзін аднаму ўступаць, паважаць сваю другую палавінку, усе радасці і смутак дзяліць папалам. Тады будзе мір і лад у сям’і, а шлюб вытрымае ўсе нягоды.



 Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *