Адна на ўсіх праблема


Сустрэчы з насельніцтвам пад эгідай старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар у раёне праводзяцца пастаянна. У мінулы чацвер дэпутаты разам з прадстаўнікамі служб жыццезабеспячэння раёна выязджалі ў вёску Хвойная Паляна, дзе перш-наперш Галіна Віктараўна расказала, як развіваецца эканоміка Хойнікшчыны, падрабязна спыніўшыся на сельгасработах, будаўніцтве жылля, навядзенні парадку на зямлі.



У Хвойнай Паляне пражывае мала насельніцтва, крыху больш за 40 чалавек, а вось праблема ў іх немалая. Абазначыў яе амаль кожны, розныя інтанацыі пры гэтым гучалі. Як кажуць, усе шляхі вядуць у Рым, а просьбы, патрабаванні і запыты хвойнапалянцаў вялі да набалелага – якасці водазабеспячэння. Уцечкі вады, парывы водаводаў тут не ліквідаваныя, з-за чаго грошы ў прамым сэнсе на зямлю выліваюцца. Смак і пах вады з крана такі, што з непрывычкі не праглынеш. Хваляваліся людзі наконт прамыўкі батарэй ацяплення напярэдадні халадоў, прачысткі каналізацыі і калодзежаў. І грошы не адмаўляюцца пры гэтым заплаціць «Хойніцкаму камунальніку».



Ад душы дзякавалі людзі загадчыцы мясцовага ФАПа Надзеждзе Аляксандраўне Стрыжак за ўвагу і сардэчнасць. Па рабоце аўталаўкі заўваг не выказвалі. Цікавіліся, як дах адрамантаваць старым людзям, як састарэлым афарміць догляд за сабой. Апошняе магчыма зрабіць, калі чалавеку 80 гадоў і болей, а таксама інвалідам І групы. Яшчэ адна ўмова – догляд павінен ажыццяўляць непрацуючы чалавек працаздольнага ўзросту. 



У канцы сустрэчы настрой сабраўшымся паднялі самадзейныя артысты ГЦКіС «Меліяратар».



Ірына ВАСІЛЬЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *